- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Разважанне на ХХVII звычайную нядзелю. Год А

[1]Евангелле Мц 21, 33–43

У той час:

Езус сказаў першасвятарам і старэйшынам народа: Паслухайце іншую прыпавесць: Быў адзін гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджаю, вычасаў у ім давіла, пабудаваў вежу і, аддаўшы яго вінаградарам, адышоў. Калі ж наблізіўся час збіраць ураджай, ён паслаў слугаў сваіх да вінаградараў, каб забраць плады свае. А вінаградары, схапіўшы слугаў ягоных, аднаго пабілі, другога забілі, а іншага закідалі камянямі. Ён зноў паслаў яшчэ больш слугаў, і з імі ўчынілі тое самае. Урэшце ён паслаў да іх свайго сына, кажучы: Пасаромеюцца сына майго. Але вінаградары, убачыўшы сына ягонага, сказалі адзін аднаму: Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ём яго і завалодаем спадчынай ягонай. І, схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніку і забілі. Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі? Кажуць Яму: Злодзеяў гэтых пакарае ліхою смерцю, а вінагараднік аддасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў адпаведны час. Езус кажа ім: Няўжо ж вы ніколі не чыталі ў Пісаннях: Той камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла; праз Пана гэта сталася і дзіўнае ў вачах нашых.

Таму кажу вам, што адымецца ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які прынясе плады яго.

У сённяшнім евангеллі мы чуем дастаткова жорсткую прыпавесць, якой Збаўца ставіць сваіх суразмоўцаў перад адказнасцю. Езус робіць гэта невыпадкова, Ён хоча перамяніць сэрцы першасвятароў і кніжнікаў, якія мелі адносна Яго дрэнныя намеры, шукалі адпаведнай магчымасці ды ўдалага спосабу, каб Яго загубіць.

Чуем у прыпавесці, што гаспадар дому аддае свой вінаграднік вінаградарам. Падчас жа збору ўраджаю, пасылае слуг сваіх сабраць плады, але вінаградары “схапіўшы слугаў ягоных, аднаго пабілі, другога забілі, а іншага закідалі камянямі”. Гаспадар пасылае ў большай колькасці іншых сваіх слухаў, але і тых сустракаюць аднолькава. Кульмінацыйны момант наступае тады, калі да вінаградараў скіроўваецца сын гаспадара. Вінаградары не толькі не ставяцца да яго з павагай, але думаюць, што, знішчыўшы яго, змогуць захапіць вінаграднік, таму забіваюць і яго: “хадземце, заб’ём яго і завалодаем спадчынай ягонай. І, схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніку і забілі”.

У любую эпоху і ў любы час у тых, хто мае ўладу над Божым народам, можа ўзнікнуць спакуса служыць уласным інтарэсам, а не інтарэсам самога Бога. Але вінаграднік належыць Пану, а не нам. Улада – гэта служэнне, і як такое яно павінна ажыццяўляцца дзеля дабра ўсіх і для распаўсюджвання Евангелля.

Бог чакае плёну свайго вінаградніка ад тых, каго паслаў працаваць у ім — плёну святасці. Служачы Богу з адданасцю і адказнасцю, мы будзем аддаваць хвалу Айцу, Які любіць праз безліч ласкаў, Сыну, Які адорвае нас збаўленнем, Духу, Які адкрывае нашыя сэрцы і натхняе нас да паўнаты дабра.

Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч