У той час:
Езус сказаў першасвятарам і старэйшынам народу: Як вам здаецца? У аднаго чалавека былі два сыны. Прыйшоўшы да першага, ён сказаў: Сыне, ідзі і працуй сёння ў вінаградніку. Але той адказаў: Не хачу! А пасля, апамятаўшыся, пайшоў. Тады ён падышоў да другога і сказаў тое самае. Той жа сказаў у адказ: Ужо іду, спадару. І не пайшоў. Каторы з двух выканаў волю бацькі? Кажуць Яму: Першы.
Тады Езус кажа ім: Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусніцы наперадзе вас ідуць у Валадарства Божае. Бо прыйшоў да вас Ян шляхам справядлівасці, і вы не паверылі яму. А мытнікі і распусніцы паверылі яму. Вы ж, убачыўшы, не апамяталіся пасля, каб паверыць яму.
У сённяшнім Евангеллі мы чуем просьбу бацькі: “сыне, ідзі і працуй сёння ў вінаградніку”. На гэтую просьбу гучаць два розныя адказы. Адзін з іх, да каго гэтая просьба была скіраваная, імпульсіўна адказаў “не”, а потым пакаяўся і пайшоў; другі – адразу адказаў “так”, але на самой справе не зрабіў гэтага. Мы таксама чуем часам просьбы, якія звернутыя да нас ад іншых людзей. Мы сутыкаемся з абставінамі, калі нам не хочацца выканаць і зрабіць нешта для іншых, бо не заўсёды гэта адпавядае нашым планам і жаданням.
Бог, як любячы Айцец, чакае ад нас паслухмянасці, якая заключаецца не ў тым, каб казаць “так” ці “не”, але ў дзеяннях любові, у рэалізацыі Божага Валадарства, у добрых учынках.
У сённяшнім Евангеллі, лепш зрабіў першы брат, не таму што сказаў “не” свайму бацьку, але таму што пасля “не” навярнуўся да “так”, пакаяўся. Праз пакаянне і нам адкрываецца дарога ў Божы вінаграднік. Бог паважае свабоду чалавека і з трапятаннем чакае нашага “так”, каб нанова прыняць нас у свае бацькоўскія абдымкі і напоўніць сваёй бязмежнай міласэрнасцю.
“Мытнікі і распусніцы ўвойдуць у Валадарства Нябеснае раней за вас,” – кажа Езус. Гэта сцвярджэнне не павінна навесці на думку, што робяць добра тыя, якія не прытрымліваюцца Божых запаведзяў і этыкі. Евангелле сённяшняга дня не ўказвае на мытнікаў і распусніц як на прыклад жыцця, але як на “прывілеяваных ласкі”, якую Бог дае кожнаму, хто адкрывае сэрца да Яго праз навяртанне і імкнецца выканаць Яго волю.
Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч