- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Разважанне на ХХIX звычайную нядзелю. Год А

[1]Евангелле Мц 22, 15–21

У той час:

Фарысеі пайшлі і раіліся, як бы злавіць Езуса на словах.

I пасылаюць да Яго вучняў сваіх разам з прыхільнікамі Ірада, каб сказалі: Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і шляху Божаму праўдзіва навучаеш і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на асобу чалавека. Таму скажы нам: Як Табе здаецца, ці належыць даваць падатак цэзару, ці не?

Але Езус, ведаючы зласлівасць іхнюю, сказаў: Што выпрабоўваеце Мяне, крывадушныя? Пакажыце Мне падатковую манету. Яны прынеслі Яму дынар. І кажа ім: Чыя гэта выява і надпіс? Кажуць Яму: Цэзара. Тады кажа ім: Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу.

Евангелле з сённяшняга дня прадстаўляе нам Езуса, які сутыкаецца з прытворствам і фальшывасцю двудушных фарысеяў. Першая частка размовы фарысеяў з Хрыстом перапоўнена кампліментамі і пахвалою: “Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і шляху Божаму праўдзіва навучаеш і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на асобу чалавека”. Няшчырасць і крывадушнасць гэтых слоў раскрываецца ў другой частцы размовы, дзе з боку фарысеяў гучыць падступнае пытанне, каб дыскрэдытаваць і асароміць Настаўніка перад народам: “ці належыць даваць падатак цэзару, ці не?”.

Фарысеі былі перакананыя, што не можа быць альтэрнатыўнага адказу на іх пытанне. Былі ўпэўнены, што менавіта гэтым пытаннем зловяць Хрыста на словах, прымусяць трапіць у пастку. Настаўнік ведае пра іхнюю зласлівасць і хітрасць: “што выпрабоўваеце Мяне, крывадушныя?”. Настаўнік просіць паказаць Яму падатковую манету “і кажа ім: Чыя гэта выява і надпіс?”. Яны адказалі, што гэта выява Цэзара, імператара. Тады Езус станоўча кажа: “дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае – Богу”.

Гэтым адказам Езус паставіў сябе па-над палемікай і па-над зласлівай хітраватасцю фарысеяў. Езус заўсёды па-над палемікай. З аднаго боку Ён прызнаў, што падатак Цэзару трэба плаціць – гэта тычыцца таксама ўсіх нас, – бо на манеце ягоная выява, але, перш за ўсё, нагадаў, што кожны чалавек носіць у сабе іншую выяву – мы носім яе ў сэрцы і душы – выяву Бога, і таму менавіта Яму, і толькі Яму, усе абавязаны ўласным існаваннем і ўласным жыццём.

Гаворка ідзе пра тое, каб дзейнічаць з пакорай, а ў той жа час з адвагай, робячы ўласны ўнёсак у будаванне цывілізацыі любові, дзе пануюць справядлівасць і братэрства. Кожны з нас моцаю святога Хросту, пакліканы актыўна прысутнічаць у жыцці грамадства, натхняючы яго Евангеллем і жыццядайнымі дарамі Святога Духа — сведчыць пра Бога перад людзьмі свайго часу і грамадствам.

Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч