У той час:
Пётр падышоў да Езуса і сказаў Яму: Пане, калі мой брат будзе грашыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў? Езус адказвае яму: Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў.
Таму Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які захацеў разлічыцца са сваімі слугамі. Калі ён пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў яму дзесяць тысячаў талантаў. Паколькі той не меў чым заплаціць, то гаспадар загадаў прадаць яго і жонку, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць. Тады, упаўшы, слуга кланяўся перад ім і казаў: Будзь велікадушны да мяне, і ўсё табе аддам. Гаспадар, злітаваўшыся над гэтым слугою, адпусціў яго і дараваў яму доўг. А калі гэты слуга выйшаў, знайшоў аднаго з сабратоў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: Аддай мне, што вінен. Тады сабрат яго ўпаў да ног ягоных і маліў яго, кажучы: Будзь велікадушны да мяне, і аддам табе. Але той не захацеў, а пайшоў і пасадзіў яго ў вязніцу, пакуль не аддасць доўгу.
Сабраты яго, убачыўшы, што здарылася, засмуціліся і, прыйшоўшы, расказалі гаспадару свайму ўсё, што cталася. Тады гаспадар ягоны паклікаў яго і сказаў: Нягодны слуга! Увесь твой доўг я дараваў табе, таму што ты папрасіў мяне; ці ж не належала і табе змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою? I, разгневаўшыся, гаспадар ягоны аддаў яго мучыцелям, пакуль не верне яму ўсяго доўгу. Так і Айцец Мой Нябесны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца вашага не даруе брату свайму.
Колькіх трагедый, пакут, цярпенняў, войнаў і ран можна было б пазбегнуць, калі б прабачэнне і міласэрнасць складалі аснову нашага жыцця і заставаліся нашым ладам жыцця! Варта над гэтым задумацца кожнаму, варта адкрыць моц Божага прабачэння, якое залежыць таксама ад нашай паставы і адкрытасці.
У сённяшнім Евангеллі мы пачулі не проста прыгожыя словы прыпавесці, але дакрануліся да Божай праўды, якая ўплывае на нашае жыццё — як духоўнае, так і чалавечае…
Божае слова вучыць нас, што, каб атрымаць Божае прабачэнне, якога патрабуе кожны чалавек, які неаднаразова трапляе ў грахі і памылкі, чым крыўдзіць Бога, яму трэба мець чыстае сэрца — чыстае ад гневу, зайздрасці, ад крыўды і лютасці…
Ва ўсіх міжасобасных адносінах неабходна ўжываць міласэрную любоў: паміж мужам і жонкай, паміж бацькамі і дзецьмі, у нашых супольнасцях і грамадстве.
Як жа часта мы, людзі, хуткія да спрошчання і абмежавання таго, што паходзіць ад Бога. У нашай чалавечай натуры прысутнае нейкае нястрыманае жаданне быць суддзёй: калі хтосьці правініўся супраць нас, ды яшчэ не адзін раз, то, хутчэй мы імкнёмся кіравацца суб’ектыўнымі эмоцыямі, а ў лепшым выпадку справядлівасцю.
Але калі мы хочам прыняць Евангелле Хрыста і жыць Божым Словам, то на такі жыццёвы падыход мы не маем права. Езус заклікае нас смела адкрыцца на моц прабачэння, бо не ўсё ў жыцці вырашаецца справядлівасцю.
Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч