- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Разважанне на ХХІI звычайную нядзелю. Год А

[1]Евангелле Мц 16, 21–27

У той час:

Езус пачаў адкрываць сваім вучням, што Ён павінен ісці ў Ерузалем, і шмат выцерпець ад старэйшын, першасвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. Адвёўшы Яго ўбок, Пётр пачаў дакараць Яго, кажучы: Пашкадуй сябе, Пане, няхай не здарыцца гэтага з Табою. Ён жа, павярнуўшыся, сказаў Пятру: Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты для Мяне спакуса, бо думаеш не аб тым, што Божае, але аб тым, што чалавечае.

Тады Езус сказаў вучням сваім: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой, і ідзе следам за Мною. Бо той, хто хоча жыццё сваё зберагчы, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго. Бо якая ж будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе увесь свет, а душы сваёй прынясе шкоду? Або што дасць чалавек узамен за душу сваю? Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца свайго з Анёламі сваімі, і тады аддасць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных.

Па дарозе ў Ерузалем Езус адкрыта тлумачыў сваім сябрам тое, што Яго чакае ў святым горадзе: Ён прадвясціў сваю таямніцу смерці і ўваскрасення, прыніжэння і хвалы. Ён казаў, што павінен будзе “шмат выцерпець ад старэйшын, першасвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць”.

Яго словы не былі зразумелымі, бо вучні мелі яшчэ нясталую веру і паставу вельмі звязаную з ментальнасцю гэтага свету. Яны думалі пра перамогу, але вельмі “зямную”, таму не разумелі мовы крыжа.

Перад абліччам перспектывы паразы і смерці Езуса на крыжы, Пётр абурыўся і сказаў: “Пашкадуй сябе, Пане, няхай не здарыцца гэтага з Табою”. Пётр быў такім: верыў у Езуса, прагнуў ісці за Ім, але не прымаў таго, што Яго хвала пралягае праз муку. Для Пятра і іншых апосталаў – але таксама і для нас – крыж, гэта штосьці нязручнае, гэта “скандал”, у той час як Езус лічыць “скандалам” пазбяганне крыжа, што азначае пазбяганне волі Айца, місіі, якую Ён нам даверыў дзеля нашага збаўлення. Таму Езус адказаў Пятру: “Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты для Мяне спакуса, бо думаеш не аб тым, што Божае, але аб тым, што чалавечае”.

Кожны раз, калі ўглядаемся ў вобраз укрыжаванага Хрыста, будзем думаць пра Яго, як пра сапраўднага Слугу Пана, які споўніў сваю місію, аддаючы жыццё, праліваючы сваю кроў дзеля адкуплення грахоў. Як наступства, калі хочам быць Яго вучнямі, мы пакліканы наследаваць Яго, аддаючы без лішкаў наша жыццё дзеля любові да Бога і бліжняга.

Разважанне падрыхтаваў кс. доктар Сяргей Сурыновіч