- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Разважанне на 4 нядзелю Адвэнту. Год В. 20 снежня

[1]ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 1, 26–38

У той час:

Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, які называўся Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя.

Анёл, увайшоўшы да яе, сказаў: Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою. Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне.

І сказаў Ёй анёл: Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. І вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага. І валадарыць будзе над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца.
А Марыя сказала анёлу: Як станецца гэта, калі я мужа не ведаю? Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і народжанае Святое будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй, і ёсць ужо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай; бо для Бога няма нічога немагчымага.

Тады Марыя сказала: Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова. І адышоў ад Яе анёл.

Перад намі сцэна Звеставання. Анёл Габрыэль прыходзіць, каб абвясціць Марыі аб Яе выключнай ролі ў гісторыі збаўлення чалавецтва. Евангеліст дакладна апісвае месца і час гэтага здарэння. Ён як бы хоча падкрэсліць, што Бог – Валадар і зямлі, і неба, і часу, і прасторы. Нягледзячы на тое, шот Ён стварыў гэты дзівосны Сусвет з мірыядамі галактык і зорак, Ён жадае пасяліцца і ў сэрцы чалавека. “Вітай, поўная ласкі, Пан з табою”. Пан з Марыяй і ў Марыі. Таму Яна Найсвяцейшая, Найчысцейшая. Бог вызваліў Яе ад усялякага намёку на грэх. Менавіта таму Марыя – наша магутная заступніца ў барацьбе са злым духам. Ён не мае да Яе ніякага доступу. Таму, калі аддаем нашыя сэрцы Багародзіцы, мы таксама становімся недасяжнымі для пагрозаў д’ябла. Але быць з Богам – гэта азначае і выкананне Яго волі. Часам яна можа быць таямнічай і не да канца зразумелай. У выпадку са Звеставаннем таксама так было. Марыя задае пытанні анёлу, таму што Яна збянтэжылася. “Як станецца гэта?” І вельмі важны яе адказ. “Няхай мне станецца паводле твайго слова.” Паставы Багародзіцы – прыклад для нас, хрысціянаў ХХІ стагоддзя. Выкананне волі Айца Нябеснага – гэта праяўленне пакоры і паслухмянасці. У чым трагедыя паўшых анёлаў? У іх ганарыстасці. Будучы ўсяго толькі стварэннямі, яны хацелі быць як Бог. Яны саміх сябе хацелі паставіць у цэнтр свайго існавання. Такі ўласны цэнтрызм мы называем эгаізмам. Ён вельмі моцна замінае чалавеку ў збаўленні. Чытанні з перыяду Адвэнту вучаць нас, як быць паслухмянымі Богу і адкрывацца на другога чалавека.

Разважанні падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч