У той час:
Езус расказаў сваім вучням гэтую прыпавесць:
Пэўны чалавек, ад’язджаючы, паклікаў слуг сваіх і даручыў ім маёмасць сваю. Аднаму даў пяць талантаў, другому — два, іншаму — адзін, кожнаму паводле ўласных магчымасцяў, і ад’ехаў. Той, які атрымаў пяць талантаў, пайшоў і пусціў іх у абарот, і зарабіў яшчэ пяць талантаў. Таксама і той, які атрымаў два таланты, прыдбаў яшчэ два. А той, які атрымаў адзін талант, пайшоў і закапаў яго ў зямлю, і схаваў срэбра гаспадара свайго.
Па доўгім часе прыходзіць гаспадар слугаў гэтых і патрабуе ад іх рахунку.
Той, які атрымаў пяць талантаў, падышоў і прынёс яшчэ пяць талантаў і кажа: Гаспадар, пяць талантаў ты даў мне, вось яшчэ пяць талантаў я зарабіў на іх. Гаспадар ягоны сказаў яму: Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго…
У гэтым урыўку з Евангелля мы чуем, як Бог інвестуе ў чалавека. Чаму так адбываецца? Справа ў тым, што наш Стваральнік, ствараючы, запланаваў нас падобнымі да Сябе. Мы створаныя на Яго вобраз і падабенства. У чым гэта заключаецца? У тым, што ў нас ёсць розум і свабодная воля. Бог не хоча, каб мы былі нейкімі лялькамі, якія рухаюцца толькі таму, што хтосьці там цягае за вяровачкі. Падарыўшы нам розум і свабодную волю, Пан хоча, каб мы таксама былі творчымі, працавітымі, вынаходнікамі. Талент у Бібліі азначае нейкую агромністую колькасць багацця. На самай справе і адзін талент, і два, і пяць – гэта неверагодная каштоўнасць. Усе людзі з прыпавесці, якія атрымалі таленты, неверагодна багатыя. Але гэтае багацце дадзенае ім не для таго, каб яны яго проста схавалі. Гаспадар жадае, каб таленты прынеслі прыбытак. Хтосьці можа панаракаць, кажучы: а якія ў мяне таленты? Здароўя няма, маладосць прайшла, пенсія маленькая, жыву адзін. Так, жыццё няспынна можа нам падкідваць сюрпрызы. Але разам з тым само па сабе нашае жыццё – ужо неверагодная каштоўнасць. Падымі, дарагі чытач, сваю руку. Паглядзі на яе, паварушы пальцамі. Ці ж гэта не цуд, што сваёй рукой ты можаш некага блаславіць, абняць, прывітаць? З тваіх вуснаў могуць выйсці словы малітвы і праслаўлення. У сваіх думках ты ў стане малітоўна ахінуць увесь сусвет. Ніколі не позна рабіць дабро. Заўсёды можна павялічыць свой талент. І гэта ўмова ўваходжання ў Вечнае Шчасце.
Разважанне падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч
