- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Разважанне на 22 звычайную нядзелю. Год А. 30 жніўня

[1]ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 16, 21–27

У той час:

Езус пачаў адкрываць сваім вучням, што Ён павінен ісці ў Ерузалем, і шмат выцерпець ад старэйшын, першасвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. Адвёўшы Яго ўбок, Пётр пачаў дакараць Яго, кажучы: Пашкадуй сябе, Пане, няхай не здарыцца гэтага з Табою. Ён жа, павярнуўшыся, сказаў Пятру: Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты для Мяне спакуса, бо думаеш не аб тым, што Божае, але аб тым, што чалавечае.

Тады Езус сказаў вучням сваім: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой, і ідзе следам за Мною. Бо той, хто хоча жыццё сваё зберагчы, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго. Бо якая ж будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе увесь свет, а душы сваёй прынясе шкоду? Або што дасць чалавек узамен за душу сваю? Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца свайго з Анёламі сваімі, і тады аддасць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных.

Мы бачым, як Пётр не жадае пагадзіцца са словамі Хрыста. Той самы Пётр, чыя вера з’яўляецца падмуркам для Касцёла. Чаму так адбываецца? Напэўна, таму, што Пётр глядзіць і мерае праз людскую перспектыву. Ён уяўляе сабе Божае Валадарства па-іншаму – як зямное панаванне. У той час як Езус спрабуе ўсім растлумачыць, што збаўленне, якое Ён прыносіць, мае вечны і звышнатуральны характар. Езус у беларускім варыянце тэксту называе Пятра “спакусай”. Грэцкі тэкст ужывае слова “перашкода”, літаральна: камень, аб які спатыкаюцца. Яшчэ хвіліну назад, калі Пётр вызнаў веру ў Хрыста, Збаўца назваў яго Скалой, на якой будзе збудаваны Касцёл. Калі ж Пётр пачынае думаць па-свойму і не хоча пагадзіцца з Божай воляй, ён становіцца каменем, аб які спатыкаюцца. Калі хтосьці жадае быць вучнем Хрыста, то павінен прыняць на сваім жыццёвым шляху выпрабаванні і цярпенні. Дарога да неба не бывае лёгкай. Прыкладам трываласці на абраным шляху будзе той самы апостал Пётр. Так, мы цудоўна ведаем, што ён, паддаўшыся страху, адрачэцца ад Хрыста. Але гэты Пётр перажыве шчырае навяртанне і ў рэшце рэшт прыме пакутніцкую смерць у Рыме.

Разважанне падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч