- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Разважанне на 21 звычайную нядзелю. Год А. 23 жніўня

[1]

Герб Папы Францішка. Папскія гербы заўсёды маюць у сабе выяву ключоў

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 16, 13–20

У той час:

Прыйшоў Езус у межы Цэзарэі Філіпавай і пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы: Кім людзі лічаць Сына Чалавечага? Яны ж сказалі: Адны – Янам Хрысціцелем, другія ж — Іллёю, а іншыя — Ераміяй ці адным з прарокаў.

Ён кажа ім: А вы кім лічыце Мяне? Сымон Пётр адказаў: Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога. Тады Езус сказаў яму ў адказ: Шчаслівы ты, Сымоне, сын Ёнавы, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах. I Я кажу табе, што ты — Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. І дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе. Тады загадаў вучням сваім, каб нікому не казалі, што Ён — Месія.

Езус з вучнямі ад возера Генезарэт прыйшоў у межы Цэзарэі Філіпавай. Адлегласць гэтага маршрута – прыкладна 30 км. Апісаны ва ўрыўку дыялог вельмі важны для нас. Езус спачатку цікавіцца, кім Яго лічаць людзі, а потым задае такое ж пытанне Сваім вучням наўпрост. Пётр адказвае, што Езус – гэта Месія і Сын Бога жывога. Хто такі Месія? Той, хто намашчаны святым алеем, даслоўна: Памазаннік. Памазанне алеем у Ізраэлі ўжывалася адносна каралёў і святароў. Езус – Месія, таму што Ён Найвышэйшы Валадар і Найвышэйшы Святар. Пётр сваім адказам на пытанне Хрыста вызнае ў Яго веру, як у Божага Сына. Езус падкрэслівае, што гэта сталася магчымым, таму што не людзі Яму пра гэта распавялі, а адкрыў Айцец Нябесны. Унікальнасць і асаблівае абранніцтва Пятра бачнае і ў далейшым дыялогу, калі Езус дае яму новае імя: Кэфас альбо Пэтрус, што азначае “скала”. На гэтай скале Езус збудуе Свой Касцёл, які ніколі не будзе знішчаны, таму што стаіць на трывалым падмурку. Пётр нашых часоў – гэта Святы Айцец Папа Рымскі Францішак, які мае ўладу ключоў, запаведаную Хрыстом. Каталіцкі Касцёл немагчымы без Пятра. Усе біскупы з’яўляюцца наступнікамі апосталаў. Але толькі Пятру належыць абсалютная і поўная ўлада ў Касцёле.

Разважанне падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч