[1]ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 6, 41–51
У той час:
Абурыліся на Езуса юдэі за тое, што Ён сказаў «Я хлеб, які сышоў з неба», і казалі: Ці не Езус гэта, сын Юзафа, бацьку якога і маці мы ведаем? Як жа Ён кажа «Я сышоў з неба»?
Езус сказаў ім у адказ: Не абурайцеся між сабою. Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі Айцец Мой, які паслаў Мяне, не прыцягне яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. У прарокаў напісана: Усе будуць навучаны Богам.
Кожны, хто чуў ад Айца і навучыўся, прыйдзе да Мяне. Гэта не значыць, што хтосьці бачыў Айца; толькі той, хто ад Бога, бачыў Айца. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыццё вечнае.
Я ёсць хлеб жыцця. Айцы вашыя елі манну ў пустыні і памерлі. А гэта – хлеб, які сыходзіць з неба, каб той, хто есць яго, не памёр. Я хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе есці хлеб гэты, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, гэта цела Маё дзеля жыцця свету.
З Евангелля даведваемся пра надзвычайную церпялівасць Езуса, Які паступова тлумачыць людзям важныя справы. Гэта таксама намёк для нас, чытачоў 21-га стагоддзя: да пэўнага ўрыўка са Св. Пісання варта вяртацца некалькі разоў. За кожным разам нашаму розуму і сэрцу можа адкрыцца асабліва глыбокі сэнс. Божае слова жывое і дзейснае само па сабе. Яно мае моц перамяняць нашае сэрца. У Евангеллі Езус тлумачыць слухачам прынцып вечнага жыцця. Насамрэч ён вельмі просты: каб жыць вечна, трэба спажываць Нябесны Хлеб, Цела Хрыста, якое ў тэалогіі называецца Эўхарыстыяй. Нічога складанага на першы погляд. Але калі ўважлівей прачытаем урывак, то заўважым, што слухачы Езуса мелі адну праблему. Ім цяжка было паверыць, што ўсё так проста з вечным жыццём. Яны не хацелі паверыць у тое, што збаўленне так блізка, зусім побач. Сучасны чалавек схільны таксама ўскладняць сабе жыццё. Ён капаецца ў сучасных тэхналогіях, звяртаецца да магіі з мэтай прадоўжыць сабе зямное жыццё. А патрэбна толькі аднаго: паверыць у Езуса і прыняць Яго ў сваё сэрца.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч