- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Разважанне на 19 звычайную нядзелю. Год А. 9 жніўня

[1]ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 14, 22-33

Калі натоўп быў накормлены, Езус адразу ж загадаў вучням сваім сесці ў човен і пераплысці на другі бок перад Ім, пакуль Ён адпусціць народ. Адпусціўшы народ, Ён падняўся на гару памаліцца ў самоце. Калі настаў вечар, заставаўся там адзін.

Тым часам човен ужо адплыў шмат стадыяў ад берага. І кідалі яго хвалі, бо вецер быў супраціўны. У чацвёртую ж варту ночы Езус пайшоў да іх, ідучы па моры. А вучні, убачыўшы, як Ён ідзе па моры, спалохаліся і казалі: Гэта прывід. I ад страху закрычалі. Але Езус адразу загаварыў з імі і сказаў: Будзьце адважнымі, гэта Я, не бойцеся.

Пётр сказаў Яму ў адказ: Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе. Ён жа сказаў: Ідзі. Выйшаўшы з чоўна, Пётр пачаў ісці па вадзе і падышоў да Езуса. Але, убачыўшы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Пане, ратуй мяне! Езус адразу ж працягнуў руку, схапіў яго і сказаў яму: Малаверны, чаму засумняваўся ты? Калі ўвайшлі яны ў човен, вецер сціх. А тыя, хто быў у чоўне, пакланіліся Яму і сказалі: Ты сапраўды Сын Божы!

Евангелле распавядае нам, як Езус пасля няпростага дня сустрэч з людзьмі адсылае Сваіх вучняў праз мора на другі бераг. А Сам застаецца адзін, ідзе на гару, каб памаліцца. Наш Збаўца паказвае нам, наколькі патрэбная размова з Богам. Як важна знайсці час на сустрэчу з Ім сам-насам.

Падарожжа праз мора не было лёгкім для вучняў. Падняўся вецер, моцныя хвалі не давалі магчымасці хутка плысці. Іх падарожжа зацягнулася аж да чацвёртай варты ночы, што па сучаснаму гадзінніку азначае час паміж трыма і шасцю гадзінамі ночы. Стомленыя ад змагання са стыхіяй, вучні перапалохаліся, калі ўбачылі Езуса, Які ішоў да іх па вадзе. Пётр выказаў жаданне пайсці насустрач Настаўніку. І гэта яму ўдалося, але толькі да моманту, пакуль яго сэрцам не завалодаў страх. Пакуль Пётр ішоў да Хрыста, ён глядзеў на Яго. Калі ж адвёў вочы, то застаўся сам-насам з шалёным ветрам і чорнай безданню пад ім. Аднак Евангелле нам падказвае, што нават калі мы адводзім вочы ад Бога, нават калі жыццёвыя буры цягнуць нас на дно, усё роўна ёсць выйсце. Езус знаходзіцца побач. Трэба толькі ўсклікнуць: “Пане, ратуй мяне!” Збаўца падасць руку, уратуе і падтрымае.

Разважанне падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч