У той час: Езус паклікаў Дванаццаць і пачаў высылаць іх па двое, і даў ім уладу над нячыстымі духамі. І наказаў ім не браць у дарогу нічога, апрача толькі кія: ні хлеба, ні торбы, ні медзі ў поясе, але абувацца ў сандалі і не апранаць дзвюх вопратак.
І сказаў ім: Калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся там, пакуль не выйдзеце адтуль. І калі ў якім месцы не прымуць вас і не будуць слухаць вас, то, выходзячы адтуль, абтрасіце пыл, што пад нагамі вашымі, дзеля сведчання супраць іх.
І, пайшоўшы, яны прапаведавалі пакаянне, і выганялі шмат дэманаў, і шмат хворых намашчвалі алеем, і вылечвалі.
Вучні, якія былі з Езусам прайшлі выдатную семінарыю, каб стаць сапраўднымі прапаведнікамі. Тры гады яны былі побач з Настаўнікам, бачылі Яго цуды, чулі Яго словы. Сёння ва ўрыўку мы чытаем, як Езус арганізуе своеасаблівую “практыку” для вучняў. Першае, што самае важнае – гэта “быць” з Хрыстом. Немагчыма пайсці ў свет з пропаведдзю Евангелля, калі ты не побач з Езусам. Пагэтаму такі важны асабісты духоўны кантакт з нашым Збавіцелем. Па-другое, місію пайсці ў свет вучні атрымліваюць ад Хрыста. Гэта не іх, а Яго воля. Таму да гэтай місіі трэба адносіцца адказна і рупліва яе выконваць. Сёння Езус таксама высылае сваіх вучняў у свет, але робіць гэта праз волю і словы вышэйшых кіраўнікоў: Папы, біскупаў, правінцыялаў і генеральных настаяцеляў манаскіх ордэнаў. Важнай акалічнасцю гэтай місіі ёсць тое, што вучні не ідуць у свет паасобку, але па двое. Чаму так? Тут бачная педагагічная думка Езуса. Дваім лягчэй у няпростых умовах вандравання, лягчэй абараніцца ад ворагаў і супрацьстаяць няўдачам, лягчэй быць стойкім перад спакусамі, калі побач сябар і аднадумец. У старажытным Ізраэлі лічылася, што сведчанне аднаго чалавека не мае моцы ў судзе, а што ўжо казаць, калі мы кажам пра сведчанне аб Евангеллі! Тым больш такое сведчанне ахвотней успрымаецца слухачамі, калі яго прамаўляе не адзін чалавек. З урыўка мы таксама даведваемся, што вучні, атрымаўшы ўладу ад Хрыста шмат хворых намашчвалі алеем, і вылечвалі. Касцёл бачыць у гэтых словах пацвярджэнне ўстанаўлення Езусам сакраманту намашчэння хворых.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
