- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Разважанне на 12 звычайную нядзелю. Год В. 20 чэрвеня

[1]ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 4, 35–41

У той дзень, калі настаў вечар, Езус сказаў сваім вучням: Пераправімся на той бок. Адпусціўшы людзей, яны забралі Яго з сабою, калі быў у чаўне. І былі з Ім іншыя чаўны.

І ўзнялася вялікая бура. Хвалі залівалі човен, так што човен ужо напаўняўся. А Ён спаў на карме каля ўзгалоўя. Будзяць і кажуць Яму: Настаўнік, не хвалюе цябе, што мы гінем? І, устаўшы, Ён забараніў ветру і сказаў мору: Замоўкні і супакойся. І вецер сціх, і настала вялікая ціша.

І сказаў ім: Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры? Яны напоўніліся вялікім страхам і гаварылі паміж сабой: Хто Ён такі, што і вецер, і мора слухаюцца Яго?

Галілейскае мора, на якім адбываюцца падзеі, апісаныя ў Евангеллі, уяўляе сабой вялікае возера з прэснай вадой. Яно вядомае тым, што навакольны ландшафт з пагоркамі стварае частую нагоду для моцных вятроў, якія могуць пераўтварыцца ў шторм. Што і адбылося падчас вандроўкі Езуса з вучнямі.

Пасля цэлага дня сустрэч з людзьмі Настаўнік з апосталамі накіроўваюцца на іншы бераг возера – у Дэкаполіс, дзе жывуць пераважна язычнікі. Такім чынам Езус падкрэслівае, што Яго місія не абмяжоўваецца толькі землямі, населенымі яўрэямі. Гэта знак і для ўсяго Касцёла, які па сваёй натуры заўсёды місійны. У любым стагоддзі на любым кантыненце біскупы, святары і вернікі павінны сведчыць пра Хрыста. Такое сведчанне можа сутыкнуцца з рознымі віхурамі, якія могуць нас палохаць. Аднак нельга забывацца, што з самых першых стагоддзяў хрысціянства лодка з сённяшняга ўрыўка была сімвалам Касцёла, які вандруе і абвяшчае Евангелле. Варта памятаць, што Хрыстус не пакінуў свой народ, свой Касцёл. Ён разам з намі. І Ён Валадар усякага стварэння і Валадар любой стыхіі. У хвіліны выпрабаванняў нам трэба звяртацца да Яго з просьбамі, каб суцішыў буру.

Цікава разважае над гэтым урыўкамі св. Аўгусцін. Ён параўноўвае вецер да знявагі, якую чыняць нам людзі. Хвалі – гэта нашая злосць і гнеў. Усё разам гэта ўтварае шторм. Наш статак рвуць вятры і хвалі, калі мы жадаем адпомсціць. Калі паддацца гэтаму жаданню, лодка можа разбіцца і патануць. “Чаму?” – пытаецца св. Аўгусцін. І далей адказвае: “Таму што Хрыстус спіць у табе. Ты забыўся пра Хрыста! Успомні пра Яго, абудзі і прыслухайся да Яго.

Падчас нашай зямной вандроўкі нам варта памятаць, што Езус з’яўляецца усемагутным Богам. Няхай Ён сам кіруе нашым шляхам і супакойвае любыя буры, каб мы маглі шчасліва дасягнуць назначанай мэты.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч