- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Разважанне айца езуіта на XXIII звычайную нядзелю. Год A

[1]Евангелле Мц 18, 15–20

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Калі зграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго сам-насам. Калі паслухаецца цябе, то ты здабыў брата свайго. Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сведкаў пацвердзілася ўсялякае слова. Калі ж не паслухаецца іх, скажы касцёлу. А калі і касцёла не паслухаецца, то няхай ён будзе для цябе як язычнік і мытнік. Сапраўды кажу вам: што вы звяжаце на зямлі, тое будзе звязана ў небе, і што развяжаце на зямлі, тое будзе развязана ў небе. 

Сапраўды таксама кажу вам, што, калі б двое з вас на зямлі згодна прасілі б нейкай рэчы, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах. Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх.

Божая справядлівасць – наша апраўданне

“Калі Я скажу бязбожніку: Бязбожнік, ты памрэш, — а ты нічога не будзеш гаварыць, каб асцерагчы бязбожніка ад дарогі яго, то ён памрэ ў несправядлівасці сваёй, але ты будзеш адказваць за ягоную кроў,” – гэтыя словы прарока Эзэхіэля нагадваюць нам, што быць справядлівым (ці праведным – у арыгінале гэта тое самае слова) у біблійным сэнсе азначае не проста добра сябе паводзіць і ставіцца да іншых, паважаючы іх годнасць, але ўключае ў сябе таксама абавязак зрабіць усё магчымае, каб выправіць недахоп справядлівасці. Бог – першы і адзіны па-сапраўднаму справядлівы, Ён з’яўляецца адначасова крыніцай і гарантам справядлівасці ў свеце, Ім створаным, і з гэтай прычыны абвяшчае і абяцае, што будзе дзейнічаць супраць усялякай несправядлівасці і заклікае праз сваіх слугаў – прарокаў і святых – паступаць так, як Ён. Прагненне справядлівага Бога – вярнуць тую гармонію ў адносінах са стварэннем, якая існавала перад тым, як зло ўвайшло ў гісторыю. У Дзеях Апосталаў у адной са сваіх прамоваў Пётр называе Езуса “Святым і Справядлівым” (Дз 3,14), бо ў Ім здзяйсняецца наша апраўданне – то бок наша вяртанне да справядлівасці перад Богам дзякуючы таму, што Хрыстус бярэ на Сябе ўсю няправеднасць кожнага чалавека і знішчае яе на крыжы Сваёй збаўчай смерцю. Гэта справа паяднання чалавечага роду з Богам, дзеля якой Сын Божы і прыйшоў сярод нас і якую абвяшчае Касцёл: “Бог у Хрысце паяднаў з сабою свет … і даў нам слова паяднання… мы з’яўляемся як бы пасланцамі Бога, які заклікае праз нас: … паяднайцеся з Богам” (2Кар 5,19-20). Кожны напамін чалавеку з боку Пана і яго слугаў пра агіду несправядлівасці, у якой уцелаўляецца зло ў рэчаіснасці людзей, – гэта заклік да навяртання, бо, як кажа далей Пан праз Эзэхіэля у тым жа раздзеле, што чуем сёння, “Я не жадаю смерці грэшніка, але каб ён навярнуўся ад свайго шляху і жыў” (пар. Эзх 33,11).

“Здабыць брата”

Словы Езуса ў сённяшнім Евангеллі пацвярджаюць тое, пра што кажа прарок: калі нехта здзяйсняе несправядлівасць у адносінах да нас, не трэба маўчаць, але трэба прама казаць пра гэта, “дакараючы” яго ці яе. Для кагосьці з нас паступіць так будзе нялёгка, і мы з розных прычын – напрыклад, таму, што няправільна разумеем сутнасць евангельскай пакоры ці запаведзі прабачэння – выбіраем прамаўчаць, забыць, «адпусціць». Хтосьці ж, наадварот, вельмі ахвотна будзе спасылацца на гэтыя словы Езуса, каб “вучыць жыць” іншых паўсюль, дзе толькі ёсць для гэтага магчымасць. Але ключ да таго, як правільна зразумець Пана і адпаведна дзейнічаць, знаходзіцца ў наступным удакладненні: “калі паслухаецца – здабыў ты брата твайго”. Здабыць брата ці сястру – вось сапраўдная мэта напаміну ці дакору з нашага боку, і гэты крытэрый патрабуе ад нас вельмі канкрэтнага ўнутранага стаўлення да іншай асобы. Пра гэтае стаўленне як ідэал, да якога мы павінны імкнуцца ва ўсіх сітуацыях, кажа св. Павел у сённяшнім другім чытанні: гаворка пра любоў, у якой змешчаныя ўсе запаведзі. Любоў не спыняецца на тым, каб рабіць прыемнае нашым сябрам і родным, але ахоплівае нават ворагаў, як наказвае Езус (Мц 5,44). Любоў недасяжная для чалавека, які разлічвае толькі на свае ўласныя сілы, але магчымая, калі ў чалавеку дзейнічае Дух Божы.

У няпросты час, у якім нам даводзіцца жыць, маем патрэбу вярнуцца нашым розумам і сэрцам да сутнасці Евангелля – Евангелля, якое не з’яўляецца зборам наказаў і прынцыпаў, а Асобай – Езусам Хрыстом, “Святым і Справядлівым, Пачынальнікам Жыцця” (пар. Дз 3,14-15). Бо што вылучае сёння хрысціянаў сярод усіх тых, хто прагне свабоды, праўды і справядлівасці? – Толькі тое, як у святле Хрыстовым мы разумеем свабоду, праўду і справядлівасць, а таксама шлях да іх. “Што вы звяжаце на зямлі, тое будзе звязана ў небе”, – Пан Езус кажа вучням тое, што раней сказаў Пятру, і гэтыя словы можам зразумець у тым сэнсе, што нашыя чыны і стаўленне нашага сэрца тут, на зямлі, напрамую звязаны з нябеснай рэчаіснасцю. Ад нашай паставы залежыць, ці Валадарства Нябеснае пашырыцца хоць на крок у нашым свеце, і ў першую чаргу – у нашых душах.

“Прасіце”: вялікае абяцанне

Пан Езус пакідае нам сёння вялікае абяцанне: “Калі двое з вас на зямлі згодна прасілі б нейкай рэчы, то станецца ім ад Айца”. Важна маліцца і прасіць Бога разам, згодна, але яшчэ больш важна, ці супадаюць нашыя жаданні з тым, што Айцец прагне для нас – і асабіста для кожнага і кожнай, і для нашай супольнасці.

Ці свабода дзяцей Божых і справядлівасць Божага Валадарства маюць для нас прыярытэт перад каштоўнасцямі гэтага свету? Калі сёння мы скіроўваем гарачыя малітвы да Нябеснага Айца за будучыню нашу ўласную і ўсёй сям’і Божых дзяцей, варта памятаць пра Яго прагненне: каб мы слухалі Яго Умілаванага Сына (пар. Мц 17,5), каб нашыя сэрцы былі перамененыя паводле вобразу Ягонага Найсвяцейшага Сэрца. “Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх”, – кажа Пан Езус, і гэтыя словы гучаць для нас як вялікае суцяшэнне, бо запэўніваюць у сталай прысутнасці Пана сярод Яго вернікаў. Адначасова яны заахвочваюць нас захоўваць вернасць слову нашага Настаўніка, бо Ён ёсць Шляхам да сапраўднага жыцця. Просім Пана, каб гэты перыяд гісторыі, праз які нам даводзіцца праходзіць разам, стаў часам нашага навяртання да таго, што найбольш каштоўнае, каб Духам Святым Бог умацаваў нашыя сэрцы ў вернасці Евангеллю Свайго Сына, нашага Збаўцы і Брата.

Разважанне падрыхтаваў а. Віктар Жук SJ