- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Разважанне айца езуіта на XXIХ звычайную нядзелю. Год A

[1]Евангелле Мц 22, 15–21

У той час:

Фарысеі пайшлі і раіліся, як бы злавіць Езуса на словах. 

I пасылаюць да Яго вучняў сваіх разам з прыхільнікамі Ірада, каб сказалі: Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і шляху Божаму праўдзіва навучаеш і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на асобу чалавека. Таму скажы нам: Як Табе здаецца, ці належыць даваць падатак цэзару, ці не?

Але Езус, ведаючы зласлівасць іхнюю, сказаў: Што выпрабоўваеце Мяне, крывадушныя? Пакажыце Мне падатковую манету. Яны прынеслі Яму дынар. І кажа ім: Чыя гэта выява і надпіс? Кажуць Яму: Цэзара. Тады кажа ім: Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу.

Вера і ўлада: заўсёды актуальнае пытанне

Тэма сённяшняга Евангелля, бадай што, ніколі не губляе актуальнасці. Якая сувязь існуе паміж адносінамі з Богам і стаўленнем да палітычнай улады?

Пытанне пра падатак, які рымская ўлада патрабавала ад кожнага жыхара Юдэі (за выключэннем дзяцей і старых), было добрай нагодай, каб паспрабаваць паставіць у тупік раббі Езуса. Адказаць “не, не трэба плаціць акупацыйнай уладзе” азначала заняць пазіцыю бунтаўнікоў, зелотаў, якія супрацьстаялі рымлянам нават са зброяў у руках. Адказаць “так” азначала прызнаць, што імператар, які рабіў сябе богам, мае законную ўладу над выбраным народам, адзіным валадаром якога мог быць толькі Бог. У сваіх словах Езус не адхіляецца ад адказу, але і не дазваляе злавіць сябе ў пастку. Ён пераводзіць пытанне на іншы ўзровень, нагадваючы пра галоўнае: аддаць Богу тое, што Яму належыць – і ў святле гэтага прыярытэту ўсё павінна стаць на свае месцы.

Тым не менш, гэты лаканічны і геніяльны адказ Пана Езуса нараджае чарговыя пытанні. На працягу гісторыі Касцёла прапаноўваліся самыя розныя, нават дыяметральна супрацьлеглыя інтэрпрэтацыі гэтых слоў: для адных Хрыстус тут аддзяляе ўладу рэлігійную і палітычную, для іншых Ён ставіць першую ў залежнасць ад другой, для трэціх – другую ў залежнасць ад першай. Як можна здагадацца, у кожным выпадку тлумачэнне найчасцей залежала ад пазіцыі і інтарэсаў таго, хто браўся інтэрпрэтаваць словы Пана.

Тое, што кажа прарок Ісая ў сённяшнім першым чытанні, дадае новыя аргументы да дыскусіі: Кір, персідскі манарх, у VI ст. да нар. Хр. заваяваў бабілёнскае каралеўства – прыгнятальнікаў Ізраэля – і ўсталяваў новае панаванне над велізарнай тэрыторыяй, якая ўключала ў сябе Ізраэль. Кір дазволіў ізраэльцянам вярнуцца на сваю зямлю з бабілёнскай няволі і нават адбудаваць ерузалемскую святыню, для чаго выдзяліў частку сродкаў. Прарок называе Кіра “памазаннікам Пана”, бачучы, як Божы Провід дзейнічае для дабра выбранага народу праз персідскага караля-язычніка. Ці гэта значыць, што заўсёды “сэрца караля ў руцэ Пана – куды захоча, туды яго кіруе”? (пар. Прып 21,1) Відавочна, той уладар, які не выконвае Божую волю, не з’яўляецца насамрэч Ягоным памазаннікам, хоць біблійныя аўтары часам інтэрпрэтуюць злыя дзеянні такіх каралёў у адносінах да Ізраэля як Божае пакаранне. У любым выпадку, Бог не “пакідае” палітычнай сцэны, падзей у грамадстве і ў адносінах паміж народамі – у любых абставінах вернікі пакліканыя давяраць Яму і захоўваць вернасць, і асабліва ў час выпрабаванняў і грамадскіх хваляванняў.

Выява цэзара і вобраз Божы

Вернемся да слоў Хрыста ў Евангеллі і да пытання, пастаўленага на пачатку гэтага разважання: ці сярод усёй гэтай дыскусіі мы можам знайсці адказ, які дапаможа нам зразумець, што сапраўды Пан меў на ўвазе; убачыць крытэрый выбару, які дасць нам нейкі накірунак для канкрэтных дзеянняў? Езус не выпадкова просіць паказаць падатковую манету: Ён звяртае ўвагу на выяву, вобраз, які на ёй змешчаны, каб нагадаць пра іншы вобраз – вобраз і падабенства Божае, якое Бог пакінуў у гэтым свеце. Гэтым вобразам з’яўляецца чалавек у яго годнасці і свабодзе дзіцяці Божага – стварэнне, пакліканае да актыўнага супрацоўніцтва са сваім Айцом, каб самому ўзрастаць у гэтай годнасці і свабодзе праз паслухмянасць Божай добрай волі і садзейнічаць таму, каб іншыя ў іх узрасталі. Надпіс, які пакідае Пан побач са Сваім вобразам, – Ягонае Імя, запісанае ў Запавеце, які ўводзіць чалавека ў асаблівыя адносіны з Богам і гарантуе яму сапраўдную свабоду: “Я Пан Бог твой, які вывеў цябе з няволі” (пар. Зых 20,2). Запавет Пана з чалавецтвам адкрываецца ў паўнаце, калі Божы Сын становіцца адным з нас – калі мы ўрэшце разумеем, што менавіта гледзячы на Свайго Сына, Айцец дае нам жыццё паводле вобразу Свайго Умілаванага. Ён, Адзінародны Сын, збірае ўсіх дзяцей Божых у адно, аддаючы за нас жыццё і адкрываючы шлях да ўваскрослага жыцця Сваёй перамогай над смерцю. Быць у гэтым Запавеце з Богам, захоўваць вернасць у адказ на вернасць і любоў Бога да мяне – вось што значыць “аддаць Богу Божае”. Гэта значыць не пагаджацца, каб ніякая зямная рэчаіснасць засланяла мне Пана і перашкаджала жыць паводле той годнасці, якая не мае сваіх каранёў у нічым створаным, а толькі ў Богу. Вось крытэрый для нашага выбару і дзеянняў, і ў канкрэтных абставінах ён будзе патрабаваць ад нас высілку распазнаваць адпаведнае стаўленне і спосаб паводзіць сябе. Няхай у нашых рашэннях і выбарах кіруе намі любоў, каб нам усё больш станавіцца падобнымі да Сына Божага, чый вобраз носім у сабе. Амэн.

Разважанне падрыхтаваў а. Віктар Жук SJ