- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Разважанне айца езуіта на ХХI звычайную нядзелю. Год А

[1]Евангелле Мц 16, 13–20

У той час:

Прыйшоў Езус у межы Цэзарэі Філіпавай і пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы: Кім людзі лічаць Сына Чалавечага? Яны ж сказалі: Адны – Янам Хрысціцелем, другія ж — Іллёю, а іншыя — Ераміяй ці адным з прарокаў.

Ён кажа ім: А вы кім лічыце Мяне? Сымон Пётр адказаў: Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога. Тады Езус сказаў яму ў адказ: Шчаслівы ты, Сымоне, сын Ёнавы, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах. I Я кажу табе, што ты — Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. І дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе. Тады загадаў вучням сваім, каб нікому не казалі, што Ён — Месія.

Пан Езус выкарыстоўвае вобраз ключоў, калі звяртаецца да Свайго вучня Сымона, каб паведаміць аб той адказнасці, якая яго чакае. Калі добра ўслухацца ў словы Езуса, неверагодная тая ўлада, якая дадзеная Сымону (які ў гэтых абставінах атрымлівае новае імя – Пётр, што значыць камень, скала), а праз яго – і яго намеснікам на пасадзе св. Пятра. “Што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе,” – кажа Пан Езус Пятру. Улада, атрыманая Пятром для ўсяго Касцёла, выходзіць па-за межы зямных гарызонтаў і дасягае вечнасці. Гэта ўлада адпушчэння грахоў, дзякуючы якому чалавек атрымлівае прымірэнне з Богам і месца ў Божым Валадарстве. Становячыся членамі Касцёла, акрамя таго “зямнога” грамадзянства, якое ўсе маем, мы атрымліваем другое “грамадзянства” – нашую прыналежнасць да супольнасці Божай сям’і.

Сённяшняе Евангелле запрашае нас паразважаць пра гэтую  ідэнтычнасць, якая павінна стаць галоўным крытэрыем, які нас акрэслівае. Мы належым да Касцёла, які з’яўляецца містычным Целам Хрыста. Кожны раз удзельнічаючы ў Эўхарыстыі і прымаючы св. Камунію, мы вызнаём сваю прыналежнасць да адзінага Цела Езуса, у якім кожнаму і кожнай, хто верыць, ёсць месца. Гэта містычная рэчаіснасць Касцёла пашырае наш асабісты гарызонт і кажа пра тое, як наша жыццё і гісторыя нашага збаўлення пераплеценыя з гісторыямі іншых дзяцей Божых. “Калi церпiць адзін член, церпяць з ім усе члены; калi праслаўляецца адзін член, з ім радуюцца ўсе члены”, кажа св. Павел (1 Кар 12,26). Таму мы можам разлічваць на падтрымку нашых братоў і сясцёр паводле веры, і адначасова мы пакліканыя адчуваць адказнасць за нашых бліжніх.

Мы перажываем нашу веру і асабіста, дзякуючы за гэты бясцэнны Божы дар у нашым жыцці, і як супольнасць Божых дзяцей. Яе крыніца – не “цела і кроў”, не чалавечая сіла, а ласка Божая, праз якую Бог прагне паклікаць да Сябе ўсіх. Касцёл пабудаваны не на нейкіх асаблівых чалавечых якасцях Пятра, а на яго вызнанні Езуса Сынам Божым і Месіяй. Кожны з нас сёння і кожны дзень мае магчымасць зрабіць гэтае вызнанне сваім асабістым, сказаць Езусу: “Ты – Сын Божы, мой Пан і Збаўца. У Тваіх руках ключы майго жыцця і смерці”.  Езус – той, хто ўзяў на Свае плечы ключ да нашага збаўлення: крыж, цяжар якога – грахі ўсяго свету. Менавіта праз Свой крыжовы шлях і смерць у выніку невытлумачальнага чалавечага насілля Пан Езус стаў салідарным з чалавецтвам, якое церпіць ад зла. І менавіта гэты Езус – наш Месія, бо Божай моцай Ён уваскрос, даючы надзею і адкрываючы шлях да ўваскрослага жыцця кожнаму, хто ў Яго паверыць. Няхай пасхальная вера будзе для нас сёння крыніцай моцы і надзеі, якая дазваляе нам не адчуваць сябе ў адзіноце і пабуджае нас быць салідарнымі з братамі і сёстрамі.

Разважанне падрыхтаваў а. Віктар Жук SJ