- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

“Разам з Табою распачну новы лоў”. Прыміцыйная Імша ксяндза Антонія Тышко адбылася ў Глыбокім

[1]Сонечная нядзеля 3 мая стала асаблівай для вернікаў Глыбоцкай парафіі Святой Тройцы. У гэты дзень  ксёндз Антоній Тышко, які напярэдадні з рук біскупа Алега Буткевіча прыняў сакрамант святарства [2], цэлебраваў прыміцыйную Імшу.

Святар, якога парафіяне памятаюць юнаком-міністрантам, паступіў у Гродзенскую духоўную семінарыю ў 2018 годзе, вытрываўшы ў пакліканні, 28 мая 2025 года прыняў дыяканскае пасвячэнне, а 2 мая 2026 года разам з дыяканам Андрэем Янулем атрымаў сакрамант святарства.

Пад спеў “Езус ішоў узбярэжжам” новапрэзбітар увайшоў у храм у зялёным вянку, як знак чыстага і радаснага шлюбу святара і Касцёла.

[3]

Кранаючым стаў момант, калі ксёндз Антон  падышоў да сваёй маці і, укленчыўшы, папрасіў блаславення.

На святой Імшы, якую першы раз у сваім жыцці ўзначальваў сам новапрэзбітар, прысутнічалі самыя блізкія людзі. Тыя, якія напрацягу жыцця і паклікання падтрымлівалі словамі, малітвай і канкрэтнымі справамі.

На пачатку Эўхарыстыі ксёндз Антоній не хаваючы хвалявання, шчыра прывітаў парафіяльную сям’ю, гасцей, братоў у святарстве, дыяканаў, клерыкаў. Ён зазначыў што складае ахвяру першай святой Імшы ў інтэнцыі сваіх бацькоў Алега і Галіны, а таксама ў інтэнцыі духоўнага айца – ксяндза Мікалая Ціхановіча.

Падчас гаміліі ксёндз Алег Пятрашка расказаў, што ў жыцці чалавека ёсць пяць  “залатых дат”:

  1. Дзень нараджэння;
  2. дзень хросту (калі чалавек становіцца членам хрысціянскай супольнасці);
  3. дзень шлюбу, або святарскага пасвячэння (калі па сутнасці распачынаецца здзяйсненне Божага паклікання);
  4. дзень смерці чалавека і яго нараджэння для Неба;
  5. дзень, калі адбываецца кананізацыя – Касцёл афіцыйна прызнае верніка святым.

Святар зазначыў, што сённяшні дзень будзе запісаны залатымі літарамі не толькі ў асабістым жыцці ксяндза Антона, яго сям’і, парафіі і дыяцэзіі, але і ў гісторыі ўсяго Касцёла. Напрыканцы гаміліі ксёндз Алег пажадаў новапрэзбітару быць такім святаром, каб  дасягнуць той пятай “залатой даты”.

[4]

Працэсія з дарамі таксама насіла непаўторны характар: падчас разважанняў, прысвечаных пакліканню і святарству, дары да алтара прыносілі прадстаўнікі моладзі, літургічнай службы алтара і родныя ксяндза Антонія.

Напрыканцы Імшы асаблівае прыміцыйнае блаславенства атрымалі маці і сястра святара, духавенства, кансэкраваныя асобы і кожны прысутны вернік.

[5]

А пасля надышоў хвалюючы і радасны момант – віншаванняў і добрых слоў, падарункаў і цёплых абдымкаў, успамінаў і пажаданняў на далейшы жыццёвы шлях. Кожны прысутны атуліў ксяндза Антона сваёй шчырай малітвай.

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Марына Сінкевіч, фота і відэа