- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Распачаць усё нанова

[1]Надышоў новы год… Разам са зменай лічбы ў календары многія людзі мараць аб змене жыцця ў лепшы бок. У суме, гэта выдатная нагода, каб пачаць спачатку. Як дзейнічаць, каб удалося рэалізаваць навагоднія пастановы?

Першапачаткова задумайся, што Табе на самой справе не падабаецца ў сваім жыцці, чаго жадаеш, якія маеш патаемныя імкненні. Ад чаго ўцякаеш? З чым баішся сутыкацца? Якой канфрантацыі пазбягаеш? Праўда ў тым, што большасць з нас інтуітыўна адчувае, за што павінны ўзяцца, каб змяніць сваё жыццё. Але праз год гэта можа быць толькі сумай хаатычных рухаў несвядомасці і звычайных падзей, калі ўжо цяпер адказна не возьмемся за тое, што патрабуе ўмяшання.

1. Не рабі пастаноў, складзі план. Не сцвярджай, што зменіш працу. Падобныя абяцанні не набліжаюць да мэты. Каб рэалізаваць пастанову, не дастаткова толькі мець туманнае бачанне фіналу змены, патрэбны дакладны план, як гэтага дасягнуць. Вылучы хаця б некалькі чарговых крокаў на шляху да мэты і абавязкова запішы, каб пасля можна было пераможна выкрасліць іх са спіска.

2. Не адкладвай дзеянні, стартуй ужо цяпер, зараз! Чым хутчэй пачнеш ісці ў напрамку змен, якія Цябе прыгнятаюць, тым хутчэй дасягнеш мэты.

3. Усвядом сабе, што змены патрабуюць часу. Калі прымеш гэта, не паддасіся расчараванню пры пачатковых няўдачах і цяжкасцях.

4. Кантралюй свой план дзеянняў і адсочвай прагрэс. Тады будзеш ведаць, колькі Табе яшчэ не хапае. Будзеш таксама матываваны тым, чаго ўжо дасягнуў. Напісаны план можна змяніць, але толькі ў лепшы бок. Не карэкціруй яго для таго, каб аблягчыць сабе заданне, бо ў такім выпадку запаволішся і зробіш менш, чым мог бы.

5. З хірургічнай дакладнасцю даследуй сэрца, ці не затоена ў ім якое-небудзь непрынятае цярпенне.

Калі знойдзеш такое, прысвяці яму столькі ўвагі, колькі будзе неабходна. Кожны, нават самы маленькі, фрагмент ігнараванага болю з часам перарастае ў “пухліну”, выдаліць якую з кожным годам становіцца ўсё цяжэй.

Памятай, што Бог хоча здзяйсняць Твае мары, калі яны не шкодзяць іншым людзям і Табе самому. Таму даручы Пану свае планы, і Ён дапаможа рэалізаваць Твае задумкі.

slowo.grodnensis.by [2]