- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Раскол па раскладзе: Ватыкан экскамунікаваў Брацтва святога Пія X. Хто наступны?

[1]

Новапасвечаныя біскупы брацтва FSSPX

1 ліпеня ў гісторыі Каталіцкага Касцёла адзначылася новым расколам. Нягледзячы на ўгаворы і заклікі, традыцыяналісцкае Святарскае брацтва святога Пія X (FSSPX) правяло без дазволу Ватыкана пасвячэнне чатырох біскупаў, за што на наступны дзень было экскамунікаванае.

Як мы ўжо пісалі ў адным з папярэдніх нумароў, Брацтва cвятога Пія X узнікла ў 1970 годзе праз непрыняцце шэрагу пастановаў Другога Ватыканскага сабора. У 1988 годзе заснавальнік Брацтва французскі арцыбіскуп Марсэль Лефеўр разам з бразільскім біскупам Антоніа дэ Кастра Маерам пасвяціў без санкцыі Папы Рымскага чатырох новых біскупаў, пасля чаго яны ўсе ў шасцёх былі экскамунікаваныя. У 2009 годзе Бэнэдыкт XVI зняў экскамуніку з біскупаў FSSPX, а неўзабаве Святы Пасад прыбраў і шэраг іншых абмежаванняў з Брацтва.

Але 2 лютага сёлета ксёндз Давідэ Пальярані, генеральны настаяцель Брацтва, абвясціў пра планы правесці новыя біскупскія пасвячэнні 1 ліпеня з прычыны “крайняй неабходнасці, у якой сёння знаходзяцца душы, Брацтва і Касцёл”. І хоць улады Касцёла і прасілі прадстаўнікоў Брацтва адмовіцца ад няўзгодненых высвячэнняў біскупаў ды папярэджвалі пра аўтаматычную экскамуніку, тыя былі няўмольныя.

29 чэрвеня Папа Леў XIV накіраваў ліст да кіраўніцтва і прадстаўнікоў Брацтва, заклікаўшы вярнуцца да дыялогу. Святы Айцец прызнаў глыбокую прывязанасць Брацтва да літургічнага жыцця, адданасць справе святарскай фармацыі, апостальскую руплівасць і жаданне вернасці Традыцыі. Ён папрасіў кіраўніцтва супольнасці перагледзець свае планы і падумаць пра духоўнае дабро людзей, папярэдзіўшы, што схізматычны акт пазбавіць вернікаў магчымасці прыняцця сакрамантаў.

“Прашу вас і малю ад усяго сэрца: вярніцеся!” – звярнуўся Пантыфік да ксяндза Пальярані, адзначыўшы гатоўнасць да шляху супольнага дыялогу і паразумення.

Але марна. 1 ліпеня ў семінарыі Святога Пія Х у швейцарскім Эконе біскупы Бернар Фэле і Альфонс дэ Галарэта, якія самі былі высвечаныя ў 1988 годзе без згоды Ватыкана, у прысутнасці святароў і вернікаў рукапалажылі чатырох новых біскупаў Брацтва. Імі сталі 46-гадовы амерыканскі святар Майкл Гоўдэйд, 53-гадовы Паскаль Шрайбер са Швейцарыі, 42-гадовы Мішэль Пуансінэ дэ Сіўры і 36-гадовы Марк Анап’е з Францыі. Пры гэтым было падкрэслена, што пасля Другога Ватыканскага Сабора ўлады Касцёла нібы дзейнічалі насуперак веры і святой Традыцыі.

У заяве па выніках пасвячэння супольнасці адзначалася: яна “шчыра шкадуе”, што кансэкрацыя адбылася без дазволу Святога Айца і што Генеральны настаяцель Брацтва так і не змог сустрэцца асабіста з Папам Львом XIV, “каб выкласці яму ў сыноўняй апецы сур’ёзныя прычыны, якія зрабілі гэтую цырымонію неабходнай. Аднак глыбокая радасць, выкліканая гэтымі біскупскімі пасвячэннямі, не можа быць азмрочаная. Забяспечваючы неабходныя сродкі для захавання святой спадчыны Традыцыі, дар гэтых чатырох новых біскупаў уяўляе сабой сапраўды вялікую ласку для самой супольнасці і для ўсяго Касцёла”, – гаварылася ў паведамленні.

Адказ Ватыкана

Але тут ужо быў бескампрамісным Ватыкан. 2 ліпеня Дыкастэрыя веравучэння апублікавала дэкрэт аб экскамуніцы для чальцоў Святарскага брацтва святога Пія Х з прычыны біскупскіх пасвячэнняў без дазволу Папы, якія былі названыя “актам схізматычнага характару”.

Усе шэсць біскупаў Брацтва – як тыя, хто высвячаў, так і тыя, каго, высвячалі, – падвергліся экскамуніцы. Таксама Дыкастэрыя папярэдзіла святароў і вернікаў Брацтва, што далучэнне да схізмы FSSPX вядзе да пакарання экскамунікай.

У дадатковай тлумачальнай ноце Дыкастэрыя падкрэсліла, што ўсе спробы яшчэ з часоў Паўла VI вярнуць прадстаўнікоў Брацтва да поўнай еднасці з Каталіцкім Касцёлам не далі плёну. Сітуацыя яшчэ больш абвастрылася праз біскупскія пасвячэнні, здзейсненыя без папскага мандату, насуперак волі Пантыфіка і ў парушэнне канічнага права. Адпаведна Дыкастэрыя папярэдзіла святароў і вернікаў Брацтва пра кананічныя наступствы за далучэнне да “злачынства расколу”. Паводле яе, экскамунікаванымі і схізматыкамі павінны лічыцца не толькі біскупы FSSPX, але і святары ды тыя вернікі, якія фармальна далучыліся да Брацтва. Таксама з’яўляюцца нядзейснымі сакраманты пакаяння і сужэнства з удзелам святароў Брацтва. Вернікаў таксама заклікалі ўстрымлівацца ад удзелу ў набажэнствах і дзейнасці Брацтва.

Пры гэтым Дыкастэрыя падкрэслівае, што Касцёл, як клапатлівая Маці, прыме са шчырай любоўю і жывою заклапочанасцю ўсіх, хто пажадае вярнуцца да поўнай еднасці. Для гэтага, напрыклад, святары, якія вырашаць пакінуць Брацтва святога Пія X, павінны паабяцаць вернасць Папу, абавязваючыся не выступаць публічна супраць яго і яго навучання, прызнаць дзейснасць цэлебрацыі Імшы і сакрамантаў паводле абрадаў пасля Другога Ватыканскага сабору.

Парадак жа прыняцця ў поўную еднасць з Касцёлам свецкіх вернікаў, звязаных з Брацтвам, мае залежыць ад “іх вінаватасці або ступені суб’ектыўнай адказнасці”. Накладанне кананічнага пакарання на іх не можа быць аўтаматычным і “павінна ацэньвацца ў кожным выпадку асобна”. Тыя свецкія вернікі, што належаць да Брацтва, на каторых было накладзенае кананічнае пакаранне і каторыя просяць прыняць іх у поўную еднасць з Касцёлам, павінны будуць таксама цалкам прыняць каталіцкае веравучэнне і пацвердзіць паслухмянасць каталіцкай іерархіі. Тым жа, хто наведваў Брацтва святога Пія X выключна з літургічных або духоўных прычын ды не адмаўляе навучанне Касцёла або аўтарытэт Рымскага Пантыфіка, будзе дастаткова звярнуцца “да святара, які знаходзіцца ў поўнай еднасці з Касцёлам”, прыняўшы рашэнне ў будучыні больш не наведваць FSPPX.

Ці раскол канчатковы?

У адказ на пастановы Дыкастэрыі генеральны настаяцель Брацтва ксёндз Пальярыні 3 ліпеня накіраваў ліст да Папы Льва XIV, дзе падкрэсліў: “Тое, што Таварыства Святога Пія X зрабіла і будзе рабіць, – гэта не што іншае, як надзвычайная ініцыятыва па выратаванні душаў ва ўмовах дактрынальнай і маральнай блытаніны, у якую пагружаны Касцёл”. Ён заявіў, што прадстаўнікі Брацтва прасілі ад Рыма “хлеба”, “рыбы” і “яек” для апекі вернікаў, падрыхтоўкі святароў і захавання традыцыі, але атрымалі адпаведна “камень”, “змяю” і “скарпіёна”.

Тым не менш, Пальярыні падкрэсліў, што Брацтва “не ўспрыме гэтыя новыя санкцыі – абʼектыўна несправядлівыя і несапраўдныя – з горыччу або бунтам”, а будзе “яшчэ больш любіць Святы Касцёл і ўсімі сіламі клапаціцца пра яго патрэбы цяпер, як ніколі”. Ён назваў сябе “адданым Сынам у Госпадзе” Святога Айца, а чальцоў FSPPX – “невялікім войскам верных сыноў, гатовых на ўсё, каб падтрымаць яго ў аднаўленні ўсяго ў Пане нашым і адстаяць перад усім чалавецтвам неадʼемныя правы Хрыста Валадара над усімі душамі і над усімі народамі”.

У сваю чаргу галоўны рэдактар медыя Ватыкана Андрэа Тарніелі адзначыў, што сваёй непаслухмянасцю Папу Льву XIV Брацтва парушыла нават словы святога Пія X, у гонар якога названае, бо той казаў: “Каб даказаць нашу любоў да Папы, неабходна быць паслухмянымі яму. Таму, калі любяць Папу, не вядуць дыскусій вакол таго, што Ён загадвае ці патрабуе, або да якіх межаў павінна даходзіць паслухмянасць і ў чым трэба слухацца”. Ён таксама згадаў парадокс традыцыяналістаў, якія лічаць абрад недатыкальным, але прыдумваюць новую формулу, каб замяніць адсутнасць папскага бласлаўлення ў біскупскім пасвячэнні. На думку Тарніелі, прычына канфлікту не ў любові прадстаўнікоў Брацтва да трыдэнцкай формы літургіі, якую дазволена цэлебраваць у поўнай еднасці з Рымам, а ў тым, што “нехта прысвойвае сабе права судзіць Сабор, які прайшоў пад старшынствам двух святых Папаў з удзелам трох тысяч біскупаў з усяго свету і які абнародаваў дакументы, прынятыя практычна адзінагалосна, калі патрабуецца, каб Наступнік Пятра і ўвесь Каталіцкі Касцёл прынялі і зрабілі сваімі тэалагічныя ідэі пэўнай групы”.

Прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох у падкасце часопіса Communio параўнаў біскупскія пасвячэнні ў Эконе з ранейшымі пасаборавымі расколамі ў гісторыі – пачынаючы ад Эфескага сабору 431 года. Кардынал, аднак, прызнаў, што гэтая складаная сітуацыя пакуль не зʼяўляецца поўнай схізмай. Магчымае паяднанне патрабуе часу, вялікай цярплівасці і далейшага трывалага дыялогу. На яго думку, супрацьстаянне з Брацтвам можа стаць штуршком для глыбокай рэфлексіі над сучасным Касцёлам і рознымі аспектамі яго існавання, уключаючы эклезіялагічны і рэлігійны плюралізм.

У сваю чаргу арцыбіскуп Георг Генсвайн, былы асабісты сакратар Бэнэдыкта XIV, а цяпер Апостальскі нунцый у краінах Балтыі, у інтэрв’ю італьянскай Corriere della Sera выказаў думку, што большая гнуткасць, шчодрасць і айцоўскі клопат з боку Апостальскай Сталіцы ў пытаннях лацінскай літургіі дапамаглі б вярнуць страчаную раўнавагу. “Нягледзячы на гэтую сур’ёзную рану, нанесеную адзінству Касцёла, я веру, што будзе магчымым аднавіць перамовы і знайсці шляхі да вырашэння гэтай праблем”, – заявіў Кардынал П’етра Паралін, Дзяржсакратар Яго Святасці.

Новы раскол?

Пакуль жа The New York Times называе бягучы крызіс найбуйнейшым расколам у гісторыі каталіцтва за 156 гадоў. Тады Касцёл пакінулі праціўнікі Першага Ватыканскага сабору 1870 года, якія неўзабаве далі пачатак старакаталіцкім цэрквам (станам на 2020 год гэта амаль 5 мільёнаў вернікаў). Калі ж верыць статыстыцы самога Брацтва, на сёння супольнасць налічвае 720 святароў і каля паўмільёна вернікаў па ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі, дзе яны маюць сваю капліцу ў Мінску.

А 25 ліпеня самавольныя пасвячэнні біскупаў збіраюцца правесці і “Cыны Найсвяцейшага Адкупіцеля” (Трансальпійскія рэдэмптарысты, FSSR). Яны паўсталі ў 1988 годзе зноў жа праз незадаволенасць паслясаборавымі зменамі. Супрацоўнічалі са святарскім Брацтвам Святога Пія X, але ў 2008 годзе дзякуючы Бэнэдыкту XVI прымірыліся з Касцёлам ды неўзабаве атрымалі статус святарскага інстытута кансэкраванага жыцця ў рамках дыяцэзіі Абердына ў Шатландыі. Але 2 мая 2026 года трансальпійскія рэдэмптарысты абвясцілі, што адпрэчваюць Другі Ватыканскі Сабор і не прызнаюць пасаборавых Папаў сапраўднымі. Яны маюць намер пасвяціць свайго заснавальніка айца Майкла Мэры Сіма ў біскупы “без Апостальскага мандата, бо Рымскі пасад відавочна заняты ворагамі Бога”. Кансэкрацыю будуць праводзіць іншыя раскольнікі, біскупская сакра якіх узыходзіць да Рычарда Уільямсана, высвечанага ў 1988 годзе Лефеўрам і выключанага ў 2012 годзе з FSSPX.

Мечыслаў Гапановіч