- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Рараты ў Вілейцы: Каб не праспаць і выйсці насустрач Збаўцы!

??????????????????????????????? [1]Адвэнт – гэта час чакання. Перыяд Адвэнту падзяляецца на дзве часткі: час да 16 снежня рыхтуе нас да асабістай сустрэчы з Езусам Хрыстом напрыканцы вякоў, час пасля 16 снежня дапамагае нам непасрэдна падрыхтавацца да свята Божага Нараджэння, паведамляе vilejka.by [2].

Чалавек заўсёды чагосьці чакае. Гэта можа быць заканчэнне школы ці працоўнага дня, нараджэння дзіцяці ці спакойнага вечара і смачнай вячэры. Але так ці інакш, нават калі мы гэтага сабе не ўсведамляем, на працягу ўсяго свайго жыцця мы чакаем і рыхтуемся да асабістай сустрэчы з Богам, пасля нашай зямной вандроўкі. Кожны дзень і кожная хвіліна набліжае нас да гэтай самай важнай сустрэчы, гадзіна якой застаецца для нас невядомай.

Раратнія св. Імшы, якія цэлебруюцца да ўсходу сонца, дапамагаюць нам асаблівым чынам трываць у паставе чування і чакання, каб не праспаць і быць гатовымі выйсці насустрач надыходзячаму Збаўцы!

«Рараты для мяне – гэта адна з найпрыгажэйшых традыцый Адвэнту ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. З вялікай радасцю ўдзел у Раратняй Імшы прымаюць як дарослыя, так і дзеці, якія трымаюць у руках запаленыя свечкі або ліхтарыкі. Калі раніцай прыходзіш у святыню, паўсюль пануе цішыня і цемра, ты гледзіш на маленькія агеньчыкі, а ў душы адразу пануе супакой. Раратнія Імшы – гэта асаблівы час падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Святая Імша адбываются да ўзыходу сонца, і гэты ранішні час і робіць Літургію такой незвычайнай. А ў святыні можна атрымліваць асалоду ад таямнічай атмасферы, якая спрыяе малітве, каб годна падрыхтаваць сябе да свята Божага Нараджэння. І пасля з чыстым сумленнем і шчырай радасцю сустрэць Збавіцеля».

Крысціна

«Рараты – гэта час, калі мы чакаем Нараджэнне Езуса. У гэты час я адчуваю радасць, ад таго, што магу прымаць удзел у Раратніх Св. Імшах. Яшчэ у гэты час я чакаю нейкіх цудаў…»

Аліна

[3]

[4]