– Хвала Хрысту! Я ахрышчаная ў праваслаўную веру двойчы. У савецкі час немаўляткам была ахрышчаная дома, але, можа, і не святаром нават, і неафіцыйна… І вось я ўжо праваслаўная. Будучы дарослай, я паўтарыла абрад у праваслаўі, бо была ўпэўнена, што ўжо ўзятую рэлігію змяніць нельга. Але з цягам часу жыццёвыя абставіны пераканалі мяне ў намеры стаць каталічкай, тым больш што, як высвятляецца па ўспамінах, мая прабабуля жыла згодна з каталіцкімі традыцыямі. Мая маці – атэістка, але з павагай ставіцца да Касцёла. Раней я даведалася, што можна ўсё ж такі прыняць каталіцтва. Я з радасцю прайду катэхізацыю, але тут і ёсць пытанні…
Першае, я ўжо ў шлюбе, і мой муж – атэіст савецкага выхавання (я, аднак, не пакідаю надзеі), ён хоча, каб дзеці выбралі, прыняць хрост ці не, самастойна, а не ў маленстве. Як паставіцца Касцёл да майго намеру прыняць каталіцтва ў сувязі з існым хростам і маім змешаным з пункту гледжання рэлігіі шлюбам? Як я разумею, католікі вельмі сур’ёзна ставяцца да шлюбу, і мне крыху няёмка, адчуваю сябе дысідэнткай, але менавіта каталіцкая малітва дапамагае мне. Дзякуй.
– Хвала навекі! Рашэнне стаць каталічкай, безумоўна, важнае і, гледзячы на Вашае пытанне, добра абдуманае. Яго параўнальна проста ажыццявіць, аднак гэта патрабуе пэўнага часу.
Спачатку я Вам раю пачаць чытаць Біблію, Катэхізіс Каталіцкага Касцёла і браць удзел у святой Імшы, у той парафіі, да якой Вы тэрытарыяльна належыце. Вядома, не прыступаючы да сакрамантаў, бо іх можа прымаць толькі той, хто знаходзіцца ў поўнай еднасці з Каталіцкім Касцёлам. У гэты ж самы час пазнаёмцеся з пробашчам парафіі і выкажыце яму жаданне стаць каталічкай, паведамляючы, што сакрамант хросту Вы ўжо прынялі. Думаю, што пробашч таксама параіць Вам праз пэўны час браць удзел у святой Імшы, а пазней прапануе больш значны крок – распачаць сур’ёзную катэхізацыю. Пасля перыяду падрыхтоўкі праз вызнанне веры здзяйсняецца абрад прыняцця да поўнай еднасці з Каталіцкім Касцёлам. Звычайна гэты абрад адбываецца падчас Эўхарыстычнай цэлебрацыі. Аднак трэба ўлічваць тое, што Вы ўжо былі ахрышчаныя ў Праваслаўнай Царкве, і таму, прыняўшы каталіцтва, Вы станеце каталічкай усходняга абраду.
Тое, што датычыць сужэнства, то для Касцёла з’яўляецца сапраўдным толькі сакрамантальнае сужэнства – “сужэнскі саюз, праз які мужчына і жанчына ўтвараюць паміж сабой супольнасць усяго жыцця, скіраваную па сваёй прыродзе да дабра сужэнцаў, а таксама да нараджэння і выхавання патомства”. Таму паміж ахрышчанымі не можа існаваць дзейсны сужэнскі дагавор, які тым самым не быў бы сакрамантам” (кан. 1055 Кодэкса Кананічнага Права). Як вынік, сужэнства, заключанае ў грамадзянскіх органах, не дае права прыступаць да сакрамантаў Касцёла.
Таму Вам з мужам трэба будзе заключыць кананічнае сужэнства, кажучы простай мовай – павянчацца. Для гэтага трэба будзе прайсці этап падрыхтоўкі. Згодна з Інструкцыяй аб падрыхтоўцы да сакраманту сужэнства ў Каталіцкім Касцёле і душпастырстве сем’яў, якая была прынята на Сінодзе Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій, у падрыхтоўцы маладых да заключэння сакраманту сужэнства вылучаюцца тры этапы: першапачатковая падрыхтоўка (ахоплівае ўвесь перыяд выхавання), наступная падрыхтоўка (ахоплівае перыяд ад 16 гадоў жыцця да пачатку непасрэднай падрыхтоўкі) і непасрэдная падрыхтоўка (перадшлюбная катэхізацыя, якая павінна праводзіцца прынамсі на працягу трох месяцаў перад сакрамантам Сужэнства).
На жаль, у пытанні не ўдакладнена, ці ахрышчаны Ваш муж (і дзе?), ці не.
Калі ён ахрышчаны ў Праваслаўнай Царкве, то неабходна будзе папрасіць у ардынарыя месца дазвол на заключэнне змешанага сужэнства, падпісваючы гарантыі і прысягі аб тым, што Вы як каталічка гатовы прадухіліць небяспеку страты веры, што будзеце выконваць рэлігійныя абавязкі і шчыра прысягаеце зрабіць усё, каб патомства было ахрышчана і выхавана ў Каталіцкім Касцёле. Ваш муж, са свайго боку, павінен будзе запэўніць, што ён паінфармаваны аб узгаданых вышэй гарантыях і прысягах і што ён усведамляе іх сэнс, а таксама Вашыя абавязкі, як каталічкі.
Калі ён не ахрышчаны, то “сужэнства паміж дзвюма асобамі, адна з якіх была ахрышчана ў Каталіцкім Касцёле або прынята ў яго, а другая не была ахрышчана, з’яўляецца несапраўдным” (кан. 1086 § 1 ККП). Каб заключыць сапраўднае сужэнства паміж асобай, ахрышчанай у Каталіцкім Касцёле або прынятай у яго, і асобай не ахрышчанай, трэба прасіць дыспенсацыю ад перашкоды рознай рэлігіі.
Няхай Вас не пужае гэтая практыка, бо ўсёй дакументацыяй перад заключэннем сужэнства будзе займацца пробашч. Дарэчы, ён пры неабходнасці ад Вашага імя будзе прасіць у ардынарыя месца дазвол альбо дыспенсацыю ад наяўнай перашкоды.
Што датычыць сакраманту хросту, то ў Касцёле існуюць дзве магчымасці яго прыняцця: у дарослым узросце і адразу пасля нараджэння. Аднак перад удзяленнем сакраманту хросту павінна адбыцца адпаведная падрыхтоўка дарослага чалавека, які мае яго прыняць, а ў выпадку хросту дзіцяці – падрыхтоўка бацькоў і яго хросных.
Згодна з прадпісаннямі нормаў Кананічнага Права, бацькі, паколькі далі сваім дзецям жыццё, маюць вельмі вялікі абавязак і права іх выхавання. Бацькі-хрысціяне павінны ў першую чаргу дбаць, каб іх дзеці былі выхаваны згодна з вучэннем, якое перадае Касцёл. Дзеці маюць патрэбу ў сакраманце Хросту, каб вызваліцца ад першароднага граху і ўвайсці ў “ранг” дзяцей Божых, да якога, дарэчы, пакліканы ўсе людзі.
Менавіта таму Касцёл заахвочвае бацькоў, каб іх дзеці былі ахрышчаны ў першыя тыдні, як мага хутчэй пасля нараджэння. І яшчэ перад нараджэннем дзіцяці бацькі павінны звярнуцца да пробашча, каб прасіць пра сакрамант хросту для малога і належным чынам да яго падрыхтавацца (кан 867 § 1 ККП).
З малітвай і павагай, кс. Аляксей Ляшко
для друку