[1]7 снежня ў музычнай гасцёўні ўстановы культуры Музей “Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва” адбылося адкрыццё выставы жывапісу пробашча друйскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы ксяндза Сяргея Сурыновіча “Птушыны вянок”. На ёй прадстаўлены творы, выкананыя ў тэхніцы алею на палатне, натхнёныя разважаннямі святара над тэмамі і праблематыкай, узнятымі ў энцыкліцы Папы Францішка «Laudato si’». Вобразы птушак, апісаныя ў энцыкліцы Пантыфіка, сустракаюцца ў Беларусі, многія з іх унесены ў Чырвоную кнігу. Таму лагічна, што ў выявах крылатых жывых істот мастака месціцца глыбокі духоўны падтэкст і заклік да больш уважлівага і адказнага стаўлення да прыроды.
У звароце да прысутных на пачатку імпрэзы а. Сяргей адзначыў: “Птушыны вянок” – маё вяртанне да жывапісу пасля працяглага перапынку. Але сэнсам майго жыцця, маім пакліканнем з’яўляецца святарства і служба людзям і Богу. А жывапіс, скажу шчыра, толькі адзін са сродкаў, які мне дапамагае ўбачыць Бога ў дэталях створанага Ім свету”.
Кс. Сяргей Сурыновіч высвечаны ў святары 11 лістапада 2001 г. у Санкт-Пецярбургу. Выконваў святарскую паслугу на Каўказе, Урале (г. Перм) і ў Калінінградзе. Пасля вяртання ў Беларусь служыў адміністратарам парафіі Святога Духа ў Віцебску, парафіі Божага Провіду ў Слабодцы Браслаўскага раёна. Цяпер – у знакамітай Друі.
На адкрыцці выставы прысутнічалі прадстаўнікі курыі Віцебскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь: канцлер кс. Віктар Місевіч і афіцыял Біскупскага суда кс. Аляксей Ляшко.
Кс. Аляксей Ляшко распавёў прысутным пра асноўныя вехі біяграфіі мастака: сканчэнне магістратуры, абарону дысертацыі ў галіне багаслоўя ў Латэранскім універсітэце ў Рыме, даследаванне гісторыі і спецыфікі перакладаў Бібліі на беларускую мову, працу па алічбоўванні ўсіх вядомых беларускіх перакладаў Бібліі ХХ-ХХІ стст., удзел у секцыі Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі ў Коўне (Літва), у многіх міжнародных навуковых канферэнцыях па біблеістыцы, абарону доктарскай дысертацыі, ініцыятыву па правядзенні шэрагу дабрачынных акцый, біблейскіх летнікаў, выступаў музыкаў і музычных калектываў у парафіях, якія ўзначальваў, рэканструкцыю касцёла ў Слабодцы, усталяванне ў 2009 г. перад касцёлам помніка святой Еўфрасінні Полацкай.
З прывітальным словам да а. Сяргея і прысутных звярнуўся намеснік старшыні Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта Віктар Глушын.
Кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры выяўленчага мастацтва мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П.М. Машэрава Міхась Цыбульскі адзначыў, што а. Сяргей Сурыновіч – мецэнат і арганізатар штогадовага Друйскага мастацкага пленэру, у якім ад 2016 г. прынялі ўдзел больш за 150 мастакоў з нашай краіны і замежжа. І што галоўнае ў выявах прадстаўленых на цяперашняй выставе птушак – позірк і характар, бо гэта не проста выявы, а партрэты.
А. Сяргей Сурыновіч – аўтар чатырох персанальных выстаў, якія адбыліся ў 2006–2007 гг. у музеі горада Цільзіта, музеі Крысціянаса Данэлайціса, доме народнай творчасці ў Калінінградзе, Літаратурным музеі Віцебска.
Дасведчанасць і творчая натура дазваляюць а. Сяргею ўдала спалучаць здольнасці ствараць мастацкія вобразы сродкамі як жывапісу, так і літаратуры. Як літаратар ён дэбютаваў у 1998 г. пад псеўданімам Яўген Бартніцкі вершаванай містэрыяй для дзяцей “Батлейка”. Сёння ён – аўтар зборнікаў паэзіі “Летуценнік”, “Пакліканне”. 3 2002 г. аспірант кафедры агульнага мовазнаўства Пермскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. У 1999–2000 гг. рэдагаваў газету «Кгуnіса» Таварыства беларусаў Санкт-Пецярбурга, якая была пераемніцай аднайменнай хрысціянска-дэмакратычнай газеты, першы нумар якой выйшаў у 1917 г. у Петраградзе. Таму не дзіўна, што на адкрыцці выставы “Птушыны вянок” гучалі творы віцебскіх літаратараў Франца Сіўко, Людмілы Сіманёнак, а таксама прывітальнае слова былой загадчыцы Літаратурнага музея г. Віцебска Святланы Казловай.
Цёпла і шчыра віталі а. Сяргея ўдзельнікі першага Друйскага пленэру, сябры Беларускага саюза мастакоў Святлана Баранкоўская і Алег Скавародка. Салістка Віцебскай абласной філармоніі Таццяна Моўля надавала імпрэзе ўзвышаны настрой цудоўным выкананнем музычных твораў на цымбалах.
А найлепшым падарункам сталася для яго, канечне ж, віншаванне ад друйскіх парафіянаў на чале са старшынёй сельскай рады Міхаілам Бакевічам. Яны адмыслова прыехалі ў гэты дзень у абласны цэнтр, каб засведчыць свайму пастыру павагу і прыязнасць.
Дырэктар музея “Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва” Андрэй Духоўнікаў адзначаў высокі ўзровень мастацкіх пленэраў у Друі і па складу ўдзельнікаў, і паводле якасці твораў. Нездарма жыхары Друі вельмі прыязна і шчыра адносяцца да мастакоў і мастацтва. За шэсць год існавання выставы па выніках пленэраў сталі падзеяй і паклалі пачатак прыватнаму збору мастацкіх твораў, якія вартыя музейных залаў нашай краіны.
А. Сяргей Сурыновіч адзначыў, што ў сваёй творчасці абапіраецца на заўвагі і падказкі беларускіх мэтраў: Аляксандра Грышкевіча, Наталлі Залознай, Ілоны Касабукі, Дар’і Сумаравай-Копач. “Няма ніводнай працы, якая была б выканана мною без іх увагі, заўваг і парад. Яны мне вельмі шмат дапамагаюць і кансультуюць. На працягу 2022 г. я напісаў каля шасцідзесяці карцін з птушкамі. А перад гэтым вывучаў звесткі пра іх, апісанні, вышукваў фотаздымкі з розных ракурсаў праз Інтэрнэт, вывучаў дробныя дэталі. Мастакі часам выкарыстоўваюць чучалы, але іх мала, цяжка знайсці, а калі шчыра, то мне было б цяжка працаваць з нежывым! Палова з таго, што напісаў, ужо разляцелася па свеце. У маіх працах для мяне самае галоўнае – быць шчырым”.
Выстава будзе экспанавацца ў Віцебску да 26 лютага, так што кожны, хто пажадае пазнаёміцца з працамі мастака-святара Сяргея Сурыновіча, мае такую магчымасць.
- Намеснік старшыні Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта Віктар Валер’евіч Глушын
- фота Афіцыял Біскупскага суда Віцебскай дыяцэзіі кс. Аляксей Ляшко
- Кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Міхаіл Леанідавіч Цыбульскі
- Паэт, кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі Беларускага тэатра Лялька Людміла Іванаўна Сіманёнак
- Былы загадчык Літаратурнага музея ў Віцебску Святлана Мікалаеўна Казлова
Алена Крывенькая, мастацтвазнаўца, тэкст
Максім Маркевіч, фота
Відэа тэлерадыёкампаніі «Віцебск»











