[1]Паразмаўляем на тэму, якая датычыцца любой сям’і, – пра ўзроставыя крызісы дзіцяці. Разгледзім перыяды, калі ўзнікаюць самыя першыя (“дзіцячыя”) крызісы і іх прычыны.
Напачатку зазначым, што крызісы – нармальныя і нават неабходныя этапы псіхічнага развіцця. Праходзячы гэтыя этапы, дзіця разбурае старыя мадэлі паводзін і фармуе новыя навыкі і рысы характару.
Крызіс нованароджанасці (ад нараджэння да двух месяцаў)
Чаму ўзнікае крызіс? Дзіця рэзка змяняе асяроддзе пражывання (з чэрава маці ў навакольны свет). Яно становіцца асобным арганізмам, але яшчэ не можа стаць асобнай істотай у псіхічным плане. У гэты перыяд немаўля максімальна залежыць ад дарослага чалавека, пры гэтым амаль не мае сродкаў камунікацыі – мовы і асэнсаваных жэстаў.
Крызіс праяўляецца:
- у фізічнай страце вагі;
- у рэзкай рэакцыі на знешнія раздражняльнікі – гук, святло, змену тэмпературы і г.д. Дзіця пачынае ўскідваць рукі, хаатычна рухаць нагамі, гучна крычаць і г.д.;
- у галоўным спосабе камунікацыі – гучным плачы; ён праяўляецца аднолькава і пры голадзе, і пры болі ў жывоціку, і пры стоме. Плач – гэта чыстая фізіялагічная рэакцыя, а не асэнсаваная просьба пра дапамогу.
Завяршэнне крызісу адбываецца прыкладна ў два месяцы. Дзіця “дэманструе” новыя навыкі, у першую чаргу, “комплекс ажыўлення”, асэнсаваную ўсмешку і гулянне.
Крызіс 1 года
Чаму ўзнікае крызіс? Заканчваецца перыяд, калі дзіця цалкам залежыць ад маці, і пачынаецца час фарміравання яго як асобы. Малеча набывае фізічную самастойнасць: пачынае хадзіць, спрабуе размаўляць, а значыць, можа самастойна аддаляцца ад дарослага, даследаваць навакольны свет, камунікаваць.
Крызіс праяўляецца:
- ва ўспышках незадаволенасці пры забаронах;
- у супярэчлівых жаданнях (напрыклад, спачатку дзіця пра нешта просіць, потым плача, бо не атрымала рэч, пра якую прасіла).
Крызіс завяршаецца ў інтэрвале 1,5–1,8 года. Дзіця пачынае разумець, што кожная рэч у свеце мае сваё прызначэнне (лыжкай ядуць, з кубка п’юць, лапаткай капаюць), а таксама вучыцца карыстацца новымі прадметамі пры дапамозе дарослых.
Крызіс 3 гадоў
Чаму ўзнікае крызіс? Дзіця пачынае ўсведамляць сябе як асобную асобу. Яно пачынае асэнсоўваць свае ўласныя жаданні, думкі, волю, якія могуць не супадаць з жаданнямі, воляй і думкамі дарослага. Узнікае вострая патрэба праверыць свае сілы і фізічныя магчымасці без дапамогі дарослых.
Як праяўляецца крызіс:
— дзіця бунтуе, адмаўляецца штосьці рабіць, упарта настойвае на сваім толькі таму, што яго пра гэта просіць дарослы;
— імкнецца рабіць усё самастойна і рэзка рэагуе, калі нешта не атрымліваецца;
— старыя правілы, любімыя кнігі, рэчы і нават ласкавыя словы бацькоў трацяць значэнне, дзіця імкнецца, каб уся сям’я падпарадкоўвалася толькі яго жаданням.
Крызіс заканчваецца ў прамежку 3,5–4 – 4 гадоў. Дзіця перастае маніпуляваць дарослымі і асвойвае ролевыя гульні (само “становіцца” доктарам, кіроўцам, настаўнікам, мамай і г.д.). Таксама адчувае гонар за свае дасягненні, набывае навыкі дамаўляцца з дарослымі.
Для кожнага з крызісаў ёсць свае парады па дапамозе дзіцяці, якія мы абавязкова разгледзім.
У любым выпадку бацькам варта быць побач з малечай, берагчы сваю нервовую сістэму, адносіны паміж сабой і быць упэўненымі: узроставыя крызісы заканчваюцца.
Вікторыя Філіпенка