Пры якіх умовах можна пабежмавацца без падрыхтоўкі?

duhswiety“Хвала Хрысту! “Пры якiх умовах чалавек можа атрымаць сакрамант канфiрмацыi без адпаведнай падрыхтоукi?” Алена.

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD:

– Паважаная Алена, дзякуй за пытанне! Здаецца, сёння многія людзі сутыкаюцца з праблемай недахопу часу, што ў сваю чаргу ўплывае таксама і на адносіны з Богам, і на духоўнае жыццё. Праблемы – гэта заданні, якія неабходна аналізаваць і вырашаць, як з дапамогай іншых людзей, так і самастойна, трываючы ў Божай прысутнасці.

Сярод сямі сакрамантаў Касцёла канфірмацыя, разам з хростам і Эўхарыстыяй, належыць да “сакрамантаў хрысціянскага ўтаямнічання”. У лепшым разуменні іх сутнасці могуць дапамагчы дакументы Каталіцкага Касцёла, якія размешчаны на партале catholic.by[1]. Касцёл вучыць, што “тры сакраманты хрысціянскага ўтаямнічання спалучаюцца паміж сабою так, каб давесці да поўнай сталасці Хрыстовых вернікаў, якія спаўняюць у свеце і ў Касцёле пасланніцтва, даручанае ўсяму хрысціянскаму народу”[2].

Першы сакрамант хрысціянскага ўтаямнічання – гэта хрост, які Касцёл слушна называе дзвярыма да вечнага жыцця ды іншых сакрамантаў. Пра сутнасць хросту выдатна навучае Другі Ватыканскі Сабор: “вернікі далучаюцца праз хрост да Касцёла і пазначаныя незнішчальнай пячаткай, прызначаны да ўдзелу ў кульце хрысціянскай рэлігіі і, адроджаныя як дзеці Божыя, абавязаны вызнаваць перад людзьмі веру, якую атрымалі ад Бога праз пасярэдніцтва Касцёла”[3]. Менавіта праз хрост хрысціяне, атрымаўшы адпушчэнне ўсіх грахоў, вызваляюцца з улады цемры, становяцца новым стварэннем праз адраджэнне з вады і Духа Святога, а таксама называюцца і з’яўляюцца дзецьмі Божымі.

Ахрышчаныя запрашаюцца самім Богам да ўдзелу у эўхарыстычным сходзе, дзе яны “спажываюць Цела Сына Чалавечага і п’юць Яго Кроў, каб атрымаць жыццё вечнае і выявіць адзінства народа Божага; а ахвяруючы сябе разам з Хрыстом, бяруць удзел ва ўсеагульнай ахвяры, якою з’яўляецца сама супольнасць адкупленых, складзеная ў ахвяру Богу Найвышэйшым Святаром. Яны просяць таксама, каб праз больш поўнае дзеянне Духа Святога ўвесь чалавечы род прыйшоў да адзінства сям’і Божай”[4].

Быць хрысціянінам – гэта вялікая ласка, дар і годнасць! Чым больш чалавек спазнае таямніцу хрысціянскай веры, тым больш жадае дзякаваць Пану Богу і праслаўляць Яго.

Трэцім сакрамантам хрысціянскага ўтаямнічання ёсць Канфірмацыя (назва паходзіць ад лацінскага слова confirmatio – умацаванне, пацвярджэнне). Прыняцце гэтага сакраманту неабходнае дзеля дапаўнення ласкі святога хросту. Менавіта праз канфірмацыю вернікі, атрымаўшы моц Духа Святога, “больш дасканала прыпадабняюцца да Хрыста і ўмацоўваюцца, каб даваць сведчанне пра Яго і будаваць Яго цела ў веры і любові”[5]. Услед за “Катэхізісам Каталіцкага Касцёла” варта нагадаць пра вынікі сакраманту канфірмацыі:

  • больш глыбокае ўкараненне ў Божым усынаўленні, дзякуючы якому вернік можа ўсклікаць “Абба Ойча” (Рым 8, 15);
  • больш цеснае з’яднанне з Хрыстом;
  • памнажэнне дароў Духа Святога;
  • больш дасканалае з’яднанне з Касцёлам;
  • удзяленне праўдзівым сведкам Хрыста асаблівай моцы Духа Святога дзеля пашырэння і абароны веры словам і справай, а таксама мужнага вызнавання Імя Хрыста і Ягонага Крыжа;
  • удзяленне дароў Духа Святога: мудрасці, розуму, рады, мужнасці, умеласці, пабожнасці, боязі Божай[6].

Канфірмацыя, падобна як усе сакраманты, не паходзіць ад чалавека, але ад самога Бога, Які клапоціцца пра жыццё сваіх дзяцей і прагне іх учыніць паводле вобразу Свайго Сына здольнымі да любові на Яго падабенства. Моц Духа Святога, атрыманага ў сакраманце хрысціянскай сталасці (іншая назва сакраманту канфірмацыі), працінае ўсю чалавечую асобу і ўсё яе жыццё. Такім чынам, Сам Дух Святы дзейнічае праз верніка: Ён моліцца ў ім, прабачае, напаўняе надзеяй і суцяшэннем дзеля служэння братам у любові. Ён стварае камунію з Богам і паміж людзьмі. Ён таксама нясе радасць і робіць адкрытых на Яго дзеянне носьбітамі спакою[7]. У сувязі з характарам і ўзнёсласцю канфірмацыі, вельмі важна, каб усе вернікі прынялі гэты сакрамант з вялікай пашанай і верай.

Згодна з практыкай Каталіцкага Касцёла, сакрамант канфірмацыі ўдзяляецца моладзі са старэйшых класаў сярэдняй школы. Сінод Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій вырашыў, што да сакраманту канфірмацыі можа прыступіць кандыдат, які мае 14 гадоў[8]. Перад удзяленнем гэтага сакраманту ў парафіі павінна праводзіцца сістэматычная катэхізацыя, а таксама непасрэдная падрыхтоўка, якая заканчваецца экзаменам[9]. Мэтаю падрыхтоўкі да канфірмацыі ёсць дапамога верніку ў паглыбленні сувязі з Хрыстом ды адкрыцці на супрацоўніцтва з Духам Святым, Яго дарамі і натхненнямі дзеля адказнага і поўнага хрысціянскага жыцця.

Па-за небяспекай смерці сакрамант канфірмацыі можа быць удзелены верніку, які адпаведна навучаны, здольны прыняць яго і можа аднавіць абяцанні хросту[10]. Канферэнцыі Біскупаў, а таксама паасобныя дыяцэзіі ва ўсім свеце ствараюць інструкцыі, якія вызначаюць форму і час падрыхтоўкі да сакрамантаў. У некаторых краінах падрыхтоўка да канфірмацыі працягваецца тры гады, у іншых – два, аднак трэба памятаць, што не сам час найважнейшы, а якасць адносін чалавека з Богам і стан веры асобы.

У сакраманце хрысціянскай сталасці вернік намашчаецца святым духмяным алеем хрызма і такім чынам прыпадабняецца да Самога Хрыста, Які быў намашчаны Духам Святым (пар. Дз 10, 38). Алей ёсць знакам шчодрасці і радасці, ачышчае, аздараўляе, упрыгожвае і ўзмацняе. Хрысціянін праз намашчэнне ў сакраманце канфірмацыі моцаю Духа Святога становіцца прыемным Богу Хрыстовым водарам (пар. 2 Кар 2, 15).

На заканчэнне неабходна нагадаць, што ўся супольнасць парафіі, а асабліва бацькі і родныя маладых людзей (у некаторых выпадках таксама дарослых і старэйшых) пакліканыя адпаведным чынам паспрыяць сваім сёстрам і братам у веры ў належным хрысціянскім утаямнічанні, бо сакраманты – гэта не звычайны абрад або прыгожая ўрачыстасць, а жыццё з Богам, ад якога залежыць не толькі зямное існаванне, але і вечнасць чалавека.

[1] Раздзел «Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамантаў пры ККББ, http://catholic.by/2/conference/structure/100155.html.

[2]Парадак хросту дзяцей, дастасаваны для дыяцэзій у Беларусі, “Хрысціянскае ўтаямнічанне. Агульныя ўводзіны”, 2.

[3]Другі Ватыканскт Сабор, “Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл Lumen gentium, 11.

[4]Парадак хросту дзяцей, дастасаваны для дыяцэзій у Беларусі, “Хрысціянскае ўтаямнічанне. Агульныя ўводзіны”, 2.

[5]Другі Ватыканскт Сабор, “Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл Lumen gentium, 11.

[6]Пар. “Катэхізіс Каталіцкага Касцёла”, 1303

[7]Пар. Папа Францішак, “Катэхеза”, 29.01.2014.

[8]Пар.” Статуты Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій”, 646.

[9]Пар. Тамсама, 643.

[10]Пар. “Кодэкс Кананічнага Права”, 689 § 2.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі