- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Пра фармаванне мужнасці

muzhnasc [1]Адна з галоўных задач хрысціянскай псіхалогіі — дапамагчы ўбачыць праўду пра сябе, пра сваё жыццё, пра свае рэальныя магчымасці і абмежаванні. Убачыць праўду без яе прыхарошвання, без самалюбавання, без апраўдання і ўтойвання зла, без асуджэння бліжняга, але і без ідэалізацыі нам часта перашкаджае звычайная баязлівасць.

Аднак вытрываць гэтую праўду, калі мы ўсё ж такі адважваемся на яе, заўсёды дапамагае Пан Бог. Ён сам перавязвае і лечыць нашыя раны, суцяшае нас, бярэ на сябе нашую немач і смутак, у Яго ранах — нашае аздараўленне.

СВЕТ ЖАНЧЫНАЎ І СВЕТ МУЖЧЫНАЎ

У перыяд з трох да шасці гадоў дзеці ўпершыню, і пры тым актыўна, пачынаюць цікавіцца пытаннямі пола, вывучаючы галоўным чынам саму сутнасць: што значыць быць мужчынам і што значыць быць жанчынаю. Да гэтага ўзросту дзіця праводзіла большасць часу з мамаю і яго навакольны свет быў пераважна жаночым. Кожны дзень быў напоўнены жаночымі (мамінымі) эмоцыямі, жаночым ладам мыслення, жаночымі заняткамі, жаданнямі, наказамі, а часам і пакараннямі. Але ў раннім узросце дзіця яшчэ не здагадваецца пра тое, што той свет, з якім яно паступова знаёміцца, — гэта толькі частка карціны жыцця, убачаная мамінымі, г. зн. жаночымі, вачыма.

Недзе каля трох гадоў дзіця паступова пачынае ўсведамляць, што яго атачаюць два светы, гэта значыць два бачанні жыцця — свет жанчынаў і свет мужчынаў. З гэтага моманту пошук свайго месца, сваёй прыналежнасці і ўрэшце пазнанне сябе становіцца для дзіцяці справаю першай неабходнасці.

У сувязі з гэтым відавочна, што актыўная прысутнасць бацькі ў сям’і з’яўляецца вырашальнаю для фармавання палавой ідэнтычнасці дзіцяці, а гэта значыць, што бацька становіцца або не становіцца для хлопчыка прыкладам мужнасці, надзейнасці, сілы і крыніцаю жадання «стаць такім, як тата», а для дзяўчынкі — крыніцаю вопыту абароненасці, бяспекі і прывабнасці моцнага мужчынскага свету.

Аднак усё гэта можа адбыцца толькі ў тым выпадку, калі бацька сапраўды прывабны для дзіцяці, што бывае далёка не заўсёды.

Цяжка пералічыць усе наступствы адсутнасці для хлопчыкаў і дзяўчынак узору мужчыны як разумнай і добрай сілы ў сям’і (прысвечаныя гэтай праблеме псіхалагічныя працы займаюць сотні старонак), але акрэсліць праблему ўсё ж варта.

«КУДЫ ПАДЗЕЛІСЯ САПРАЎДНЫЯ МУЖЧЫНЫ?»

Пачнем са спрадвечнага жаночага пытання: «Куды падзеліся сапраўдныя мужчыны?» (Крыху пазней мы паспрабуем «адшукаць» і сапраўдных жанчынаў.) А пакуль што…

Збоі ў фармаванні палавой ідэнтычнасці хлопчыка могуць адбыцца пры наступных абставінах.

Бацька не выклікае цёплых пачуццяў (агрэсіўны, часта палохае дзіця). У гэтым выпадку ў хлопчыка не з’яўляецца жадання быць падобным да бацькі, а гэта значыць быць мужчынам, а мужчынская сіла (т. зв. мужнасць) у цэлым пачынае асацыявацца з агрэсіўнасцю. Таму дзіця даўжэй за натуральны тэрмін застаецца «маміным» сынам у сям’і і ў падлеткавым узросце балюча шукае адказ на пытанне,«ці дастаткова я мужны?», і гэтая праблема часам расцягваецца на ўсё жыццё, а мужнасць і агрэсіўнасць застаюцца сінонімамі. Калі хлопчык, юнак, мужчына не агрэсіўны, ён не адчувае сябе «сапраўдным мужчынам», а калі агрэсіўнасцю даказвае сваю мужчынскую сілу, то проста паўтарае тып паводзінаў бацькі, у тым ліку і ў адносінах да свайго сына.

muzhnacs3 [2]

Бацька вельмі прывабны для сына, але не ўдзяляе яму дастатковай увагі. Гэта можа апраўдавацца працаю, стомленасцю ці проста малым узростам сына («ты яшчэ маленькі, ідзі да мамы»). У такім выпадку ў хлопчыка ўзнікае жаданне капіяваць бацьку, але ў яго няма такой магчымасці, бо той праводзіць з ім мала часу. Вядома ж, пад капіяваннем маецца на ўвазе не толькі паўтарэнне знешніх паводзінаў бацькі, гэта хутчэй імітацыя, але ў першую чаргу магчымасць працяглы час назіраць і навучацца таму, што думаюць мужчыны, што яны адчуваюць (у тым ліку і ў самых нязначных штодзённых сітуацыях), пра што мараць, на што спадзяюцца, як рэагуюць, чаго хочуць. Калі такога заўсёды даступнага ўзору ў хлопчыка няма, то ён становіцца імітатарам — напружана стараецца выглядаць мужчынам і, нават ужо стаўшы дарослым, баіцца, што людзі сумняваюцца ў яго сіле, і бясконца спрабуе ім нешта даказваць.

Другі варыянт — калі хлопчык або юнак моцна цягнецца да «паўнавартаснага мужчынскага свету», але сумняваецца, што можа ўвайсці туды на роўных. У гэтым выпадку ён вядзе жыццё ізгоя, пазбягаючы мужчынскіх кампаніяў, або спрабуе пранікнуць у жаданы асяродак з дапамогаю іншай ролі, напрыклад, выбіраючы шлях гомасексуаліста.

Бацька займае ў сям’і яўна падпарадкавальнае становішча і «пакутуе ад дэспатызму жонкі», што, па сутнасці, з’яўляецца нежаданнем браць на сябе адказнасць за ўласнае жыццё, і, вядома ж, за сям’ю таксама. У такім выпадку хлопчык, услед за маці, не лічыць бацьку «сапраўдным мужчынам», але, не маючы іншага блізкага ўзору сілы (т. зв. мужнасці), збірае яго пакрыху з кніг (часцей за ўсё, з фантастыкі), кінастужак (часцей за ўсё, з баевікоў) і ўрыўкавых назіранняў. У выніку яго ўяўленне пра так званую мужнасць застаецца фрагментарным, а дакладней, несапраўдным, скажоным.

Акрамя таго, ён абавязкова назапашвае ў сабе пагарду да фізічна слабых, лічыць іх вартымі жалю (асабліва слабых мужчынаў, называючы іх «анучамі» і г. д.), і змешаны з падазронасцю гнеў у адносінах да жанчын («яны хочуць нас падпарадкаваць»).

Вядома, гэта ўплывае на ўзаемаадносіны ў яго сям’і.

Маці аддае ў сям’і яўную перавагу сыну, а не мужу, а бацька мірыцца з тым, што яго любяць менш, чым сына. У такой сітуацыі хлопчык як бы выконвае ролю псіхалагічнага сужэнца маці, даючы ёй падабенства тых пачуццяў, перажыванняў і падтрымку, якія павінен даваць муж. І ўсё гэта адбываецца з маўклівай згоды бацькі. У такім выпадку дзіця застаецца моцна прывязаным менавіта да маці, становячыся ў пэўным сэнсе яе эмацыйным даўжніком. І нават вырастаючы, малады чалавек адчувае сябе вінаватым за жаданне аддаліцца і мець уласную сям’ю і ўласнае жыццё. Быць моцным для яго азначае не засмучаць маму і клапаціцца пра яе, што далёка не заўсёды выяўляецца ў адносінах з іншымі жанчынамі.

Маці выхоўвае сына без бацькі. Як правіла, такія мамы вельмі перажываюць з-за недахопу магчымасцяў для свайго хлопчыка стаць сапраўдным мужчынам. У такім выпадку мама мэтанакіравана займаецца выхаваннем так званай мужнасці ў сваім сыне, аднак узор, якога яна прытрымліваецца, ствараецца яе суб’ектыўным жаночым уяўленнем пра тое, якімі павінны быць сапраўдныя мужчыны, што яны павінны адчуваць, чаго хацець і г. д.

Паколькі і мама, і сын вераць у рэальнасць гэтага амаль фантастычнага вобразу, то, становячыся падлеткам, хлопчык пачынае ўсё часцей пераконвацца ў тым, што мужчынам (у маміным разуменні) яму быць не ўдаецца. Гэта выклікае ў падлетка пачуццё трывогі і бездапаможнасці.

Урэшце, часцей за ўсё гэтае ўнутранае напружанне прыводзіць да таго, што малады чалавек вырашае прыблізна наступнае: быць мужчынам — гэта значыць быць не такім, як мама (і цётка, і бабуля), і ва ўсім пярэчыць жанчынам; або наадварот — стаць такім, як марыць мама, г. зн., што сапраўдны мужчына — той, хто адкрывае перад жанчынаю дзверы, падае ёй руку і паліто, з замілаваннем і паблажлівасцю зносіць усе жаночыя капрызы і г. д.

muzhnasc5 [3]

Вось толькі некаторыя з самых пашыраных сітуацый, але ў кожнай з іх можна разгледзець пакутлівае дзіця, якое вырашае недзіцячыя праблемы, і разгубленых дарослых, якія не разумеюць ні сябе, ні адзін аднаго, ні сваіх дзяцей. У сям’і без Бога гэта становіцца замкнёным колам…

А як вы думаеце, што змяняе прысутнасць Бога ў сям’і? Паспрабуйце адказаць самі сабе, але канкрэтна і, калі ласка, без залішняга хрысціянскага пафасу. А калі не можаце, то спытайце ў Яго самога. Спытайце менавіта сёння, пасля рахунку сумлення, на вячэрняй малітве.

Псіхолаг Наталля Пан, ave-maria.by [4]