- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Пра адпачынак у дэкрэтным адпачынку

[1]Вось і скончыліся святы. Прызнайцеся шчыра, што хочацца зрабіць? Думаю, адпачыць, бо падчас святаў стамляецца кожная гаспадыня і мама. 

Цікава, дарэчы, што хтосьці назваў час, калі мама даглядае малое дзіця, дэкрэтным адпачынкам. Канешне, у гэты час мама не ходзіць на працу, але ж яна мае вельмі шмат абавязкаў па дагляду дзяцей і дому.

Сёння мы разгледзім пяць парадаў, як адпачыць (хоць крыху) у дэкрэтным адпачынку.

  1. Выходзьце з ізаляцыі

Часта мама з малым дзіцём сам-насам застаецца ў сценах кватэры. Кантакты з калегамі і сябрамі адыходзяць на другі план, неабходнасці штодня ісці на працу няма… Кожны дзень падобны да папярэдняга ды і да наступнага таксама.

Але вельмі важна штодня знаходзіць хаця б гадзіну для прагулкі, некалькі хвілін, каб сустрэцца або паразмаўляць па тэлефоне з сябрамі. Дазвольце сабе проста выйсці з кватэры ў краму, глытнуць свежага паветра і ўбачыць іншых людзей.

  1. Мама – прыгожая жанчына

Мама ў дэкрэце шмат часу праводзіць дома. Толькі гэта зусім не азначае, што можна забыцца пра сябе. Перш за ўсё вы – жанчына. А для кожнай жанчыны важна даглядаць твар, валасы і ўсё цела ўвогуле. Паклапаціцеся, каб адзенне, якое вы носіце дома, было модным і прыгожым. Між іншым, гэта не толькі робіць вас прывабнай, але і ўзнімае настрой.

  1. Шукайце аднадумцаў

Ніводная мама не можа застацца адна. Трэба звярнуцца да сябе і добра падумаць, хто можа зразумець вас, падтрымаць, паразмаўляць, даць параду. Магчыма, гэта будзе хтосьці са сваякоў, калегаў па працы, сябровак, а можа, аднадумцы з’явяцца сярод такіх жа маладых мамаў, як і вы. Галоўнае – не замыкацца ў сабе, шукаць сваіх людзей, і яны абавязкова з’явяцца.

  1. Мама не можа быць ідэальнай

Усе мамы рыхтуюцца да сустрэчы са сваім дзіцяткам: чытаюць адпаведную літаратуру, глядзяць шмат ролікаў ад спецыялістаў у розных галінах, мараць і лічаць, што будуць ідэальнымі, бо шмат ведаюць і шмат разумеюць. Але ж у жыцці ўсё здараецца зусім па-іншаму. Кожная дзіцятка – індывідуальнае, кожная сям’я адрозніваецца ад любой іншай сям’і. Таму ідэальна не атрымаецца ніколі. Любая мама сутыкнецца і з цяжкасцямі, і з памылкамі. Не трэба дакараць і асуджаць сябе за памылкі, а тым больш параўноўваць з мамамі з суседняга двара, з Савецкага Саюза, з разумнай кнігі і г.д. Для сваіх дзяцей ВЫ – найлепшая маці. З часам і адпаведным вопытам усё атрымаецца.

  1. Не забывайцеся дастаткова спаць

Вядома ж, калі ў сям’і маленькія дзеці, нармальны сон здаецца для мамы фантастычным апавяданнем. Але недахоп сну найбольш уплывае на негатыўны эмацыйны стан мамы. Важна ўсталёўваць рэжым адпачынку не толькі для малога, але і для сябе. Увечары па максімуме адкладзіце ад сябе тэлефон, лепш пачытаць кнігу або пабыць у цішыні. Не займайцеся хатнямі справамі, калі дзіця спіць, нават калі яны здаюцца неадкладнымі. У вашых дзяцей павінна быць шчаслівая, адпачылая мама.

Вікторыя Філіпенка – маладая мама дваіх дзяцей