[1]Папа Леў XIV праз Апостальскую пенітэнцыярыю дараваў поўны адпуст тым, хто ў 100-ы Сусветны дзень місій памоліцца на Ружанцы за пашырэнне Евангелля ў свеце.
Вернікі, якія ў нядзелю, 18 кастрычніка 2026 года, адзначаюць 100-ы Сусветны дзень місій, могуць атрымаць поўны адпуст. Яго дараваў Папа Леў XIV праз Апостальскую пенітэнцыярыю. Для гэтага трэба выканаць звычайныя ўмовы: прыступіць да споведзі, прыняць святую Камунію і памаліцца ў інтэнцыях Папы, а таксама ў еднасці з ім адмовіць Ружанец за пашырэнне Евангелля ў свеце.
Дзень, які ўстанавіў Папа Пій XI у 1926 годзе, сёлета праходзіць пад дэвізам «Адзіныя ў Хрысце, адзіныя ў місіі» («Uno in Cristo, uniti nella missione»).
У сваім пасланні на 100-ы Сусветны дзень місій, апублікаваным 25 студзеня 2026 года, Папа Леў XIV заклікаў увесь Касцёл з радасцю і руплівасцю ў Духу Святым ісці далей місійным шляхам, які, паводле Папы, патрабуе сэрцаў, з’яднаных у Хрысце, прымірэння ў супольнасцях і гатоўнасці кожнага шчодра супрацоўнічаць.
У цэнтры місіі Святы Айцец бачыць «таямніцу еднасці з Хрыстом». Быць хрысціянінам – гэта найперш не набор практык ці ідэй, а жыццё ў еднасці з Хрыстом, падкрэслівае ён. Таму першы абавязак Касцёла ў місіі – аднаўляць духоўную і братнюю еднасць сярод вернікаў.
Сёння, заўважае Папа, хапае канфліктаў, палярызацыі і ўзаемнага недаверу, і калі гэта пранікае ў касцельныя супольнасці, «слабее сведчанне». Евангелізацыйная місія, якую Хрыстус даверыў вучням, патрабуе найперш прымірэння ў сэрцах і прагі еднасці.
Папа Леў XIV заклікае ўсіх быць разам з місіянерамі і місіянеркамі праз сведчанне жыцця ў Хрысце, малітву і ахвяраванні на місіі. Кожны, паводле яго, можа паводле свайго паклікання і атрыманых дароў спрычыніцца да вялікай справы евангелізацыі, якая заўсёды застаецца справай любові.
Кс. Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News [2]