- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Пяцідзесятніца ў Глыбокім: апошні школьны званок і Першая Камунія

[1]У парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім 23 і 24 мая адбыліся дзве падзеі, якія аб’яднала ўрачыстасць Спаслання Духа Святога. Спачатку да Першай Камуніі праз сакрамант пакаяння рыхтаваліся 62 маленькіх глыбачан, а потым да дарослага жыцця — выпускнікі.

23 мая пасля школьных лінеек у касцёл прыйшлі адзінаццацікласнікі. Некаторыя — у форме, некаторыя — у стужках выпускнікоў.

Пробашч ксёндз Мікалай Ціхановіч не чытаў доўгіх павучанняў. Ён сказаў галоўнае: «Будзем прасіць Госпада аб блаславенні для вас, каб у гэтым свеце вы не загубіліся, не згубілі тыя каштоўнасці, якія атрымалі праз выхаванне сваіх бацькоў і настаўнікаў».

А потым прагучалі словы бацькам, што сядзелі ў задніх лавах: «Не выхоўвайце вашых дзяцей, бо ўжо позна. Проста любіце іх».

Выпускнікі прыйшлі розныя — хтосьці бывае ў касцёле штодня, хтосьці — раз у год. Але калі святар благаслаўляў іх па адным, кожны падышоў. І кожны атрымаў не проста благаслаўленне, а падтрымку не баяцца новага этапу.

Першая Камунія 24 мая — гэта не проста адзін дзень. За ім стаялі два гады заняткаў. І апошнія некалькі месяцаў перад святам — асобны выклік.

У нядзельнай Імшы дзеці самі неслі да алтара дары — хлеб і віно, якія стануць Целам і Крывёй Хрыста. Для іх гэта быў не проста рытуал, а першы свядомы ўдзел у літургіі.

Ксёндз Мікалай падчас гаміліі сказаў дзецям тое, што застанецца з імі надоўга: «Заўсёды будзьце сябрамі Езуса. Каб праз некалькі год, калі будзеце выпускнікамі, мы пабачылі, колькі сяброў засталося».

А потым нечакана звярнуўся да татаў, якія не вельмі практыкуюць сваю веру і прыйшлі ў гэты дзень у святыню з-за дзіцяці: «Зрабіце сабе выклік — пастанавіце ад сёння штонядзелю быць на Імшы. Так вы адкрыеце наноў свае адносіны з Езусам і таксама станеце Яму сябрам».

Першакамунійныя дзеці і выпускнікі — гэта два пакаленні, якія амаль адначасова зрабілі крок наперад. Адны — да алтара. Другія — у вялікі свет.

Марына Сінкевіч