[1]Пяць гадоў таму пандэмія COVID-19 прымусіла закрыць храмы і прыпыніць набажэнствы. Гэты бяспрэцэдэнтны досвед паказаў, што Касцёл здольны дзейнічаць нават у самых экстрэмальных умовах, знаходзячы новыя шляхі служэння.
«Праз пяць гадоў пасля пандэміі памяць вяртае амаль нерэальны вопыт. Мы добра памятаем тыя дні поўнага закрыцця, пустыя гарады, прымусовую ізаляцыю,» — успамінае ксёндз Вінчэнца Гуастэла, дырэктар Службы моладзевага душпастырства дыяцэзіі Рагузы, у інтэрв’ю для “ACI Stampa”.
12 сакавіка 2025 года спаўняецца роўна пяць гадоў з таго моманту, калі Рымская дыяцэзія першай закрыла доступ да касцёлаў. Гэта было наступствам дэкрэта Канферэнцыі Біскупаў Італіі ад 8 сакавіка 2020 года, які прыпыняў «грамадзянскія і рэлігійныя цырымоніі, уключаючы пахавальныя» на ўсёй тэрыторыі Італіі да 3 красавіка 2020 года.
Пошук новых шляхоў служэння
«Колькасць заражэнняў расла, шпіталі напаўняліся, сябры і сваякі захворвалі, некаторыя, на жаль, не выжылі,» — успамінае ксёндз Гуастэла.
У гэтыя складаныя часы Касцёл знайшоў новыя шляхі служэння. «Адным з самых значных досведаў, які я захоўваю ў сэрцы, была раздача прадуктовых пакетаў і тавараў першай неабходнасці тым, хто не мог забяспечыць сябе сам. Страх заражэння быў рэальны, але мы не спыніліся,» — адзначае святар.
Час выпрабаванняў і малітвы
Незабыўнай застаецца і надзвычайная малітва Папы Францішка 27 сакавіка 2020 года на пустой Плошчы Святога Пятра. «Ужо некалькі тыдняў здаецца, што настаў вечар. Густая цемра апанавала нашы плошчы, вуліцы і гарады… Мы апынуліся напужанымі і разгубленымі. Як вучні з Евангелля, мы былі захоплены неспадзяванай і лютай бурай,» — гэтыя словы Пантыфіка закранулі сэрцы мільёнаў людзей.
Папа тады нагадаў: «Гэта час не Твайго суда, але нашага ўласнага: час выбіраць, што важна, а што мінае, аддзяляць неабходнае ад непатрэбнага. Гэта час змяніць курс нашага жыцця ў напрамку да Цябе, Пане, і да іншых.»
Гэтыя знакавыя словы і тыя незвычайныя дні засталіся важным урокам для Касцёла і вернікаў, спрыяючы пераасэнсаванню каштоўнасцей і прыярытэтаў у духоўным жыцці грамадства.
Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News [2]