[1]Кожны год да Мацi Божай Тракельскай, нібы ручайкі, накіроўваюцца пілігрымы. Гэты год таксама не стаў выключэннем. На другі дзень свайго вандравання пілігрымы Іўеўскага дэканату прыйшлі у парафію св. Сымона і Юды Тадэвуша ў Лаздунах.
Сустракалі вандроўнікаў ксёндз-пробаршч Андрэй Бурак і ксёндз-дэкан Віктар Субель, пробаршч парафіі ў Трабах.
Пад гук званоў і словы кароткай малітвы пілігрымы ўвайшлі праз браму да святыні, дзе, як зазначыў адказны за пілігрымку ксёндз Ян Гавэцкі (пробаршч парафіі ў Іўі), скланіўшы галовы перад Найсвяцейшым сакрамантам, аддаліся ў апеку св. Юды Тадэвуша, апекуна ў цяжкіх і безнадзейных справах.
Падчас адпачынку парафіяне з Лаздун падзяліліся плёнам працы сваіх агародаў і дабрынёй сваіх сэрцаў, а таксама папрасілі пілігрымаў занесці да Маці Божай Тракельскай просьбы ўсёй парафіі.
З радасным настроем і песнямі на хвалу Бога пілігрымы вырушылі ў дарогу, каб хутчэй сустрэцца з Маці Божай.
кс. Андрэй Бурак, тэкст і фота.










