- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Першы святы геймер. Чаму Касцёл кананізуе італьянскага падлетка?

[1]Сёлета ў Каталіцкім Касцёле з’явіцца новы святы – 15-гадовы падлетак, які любіў камп’ютарныя гульні і шмат часу бавіў у інтэрнэце. Але пры гэтым займаўся інтэрнэт-евангелізацыяй, штодня прымаў святую Камунію і прысвячаў сваё жыццё Панне Марыі.

Карла Марыа Акуціс нарадзіўся 3 мая 1991 года ў Лондане ў нерэлігійнай, але заможнай сям’і італьянскіх эмігрантаў. Менавіта ў брытанскай сталіцы ён і быў ахрышчаны, але неўзабаве бацькі вярнуліся ў родны Мілан.

Пакуль яны былі занятыя працай, маленькім Карлам апекаваліся нянькі з Ірландыі і Польшчы. Як заяўляецца, з самога дзяцінства ён выяўляў цікавасць да малітвы і клопаты пра іншых. Так вера сына дапамагла вярнуцца да Касцёла яго маці. Таксама пасля размоваў пра хрысціянства з Карлам хрысціліся мігрант з Маўрыкія, які працаваў у доме Акуцісаў, сябар і маці апошняга.

Маленькі Карла навучаўся спачатку ў школе, якой кіравалі законніцы ордэна Святой Марцэліны, а затым – у прыватнай езуіцкай школе імя Папы Льва ХІІІ. Даволі рана, у сем гадоў, Карла прыняў сваю першую камунію. Для гэтага быў атрыманы адмысловы дазвол ад мясцовых касцельных уладаў, а ў 12 гадоў – сакрамант канфірмацыі. Пасля гэтага падлетак стаў катэхізатарам у сваёй парафіі, моцна цікавіўся жыццямі святых, асабліва жыццём святога Францішка. Неад’емнай часткай яго жыцця было штодзённае прыняцце святой Камуніі, якую ён называў «аўтастрадай да неба». Спадарожнічала яму пастаянна і малітва на ружанцы.

Іншай жарсцю Карла быў камп’ютар. Ён стварыў сайт роднай парафіі, а таксама сайт, прысвечаны каталагізацыі ўсіх вядомых эўхарыстычных цудаў у свеце і спісу з’яўленняў Панны Марыі, засведчаных Касцёлам. Сайт быў запушчаны 4 кастрычніка 2006 года, ва ўспамін святога Францішка, за некалькі дзён да смерці самога Карла, якой ніхто не чакаў.

Пра хваробу падлетка стала вядома 1 кастрычніка. У яго моцна запалілася горла, затым з’явілася слабасць і кроў у мачы. Лекары паставілі дыягназ – востры праміелацытарны лейкоз. 12 кастрычніка Карла Акуціс памёр ва ўзросце 15 гадоў. Незадоўга да смерці ён заявіў медсястры, што прынёс свае пакуты за Папу Бэнэдыкта XVI і Касцёл. «Мама, не бойся. З таго часу, як Езус стаў чалавекам, смерць стала для нас шляхам да жыцця, і нам не трэба ад яе бегчы. Прыгатуймася да таго, каб перажыць нешта незвычайнае ў вечным жыцці», – былі апошнія словы падлетка.

Двайны перанос на шляху да кананізацыі

Заклікі да беатыфікацыі Акуціса з’явіліся неўзабаве пасля смерці. 12 кастрычніка 2012 года, у шостую гадавіну, архідыяцэзія Мілана афіцыйна пачала працэс. А 5 ліпеня 2018 года Папа Францішак ухваліў дэкрэты аб прызнанні гераічнасці яго цнотаў.

14 лістапада 2019 года медыцынская рада пры Кангрэгацыі па справах святых, а 21 лютага 2020 года і Святы Айцец пацвердзілі цуд у Бразіліі, які прыпісваецца заступніцтву Акуціса – ацаленне дзіцяці ад хваробы падстраўнікавай залозы. Але цырымонія беатыфікацыі была адкладзеная праз пандэмію COVID-19, яе перанеслі на 10 кастрычніка 2020 года. За год да таго парэшткі Акуціса перанеслі ў касцёл Санта-Марыя-Маджорэ ў Асізі, як хацеў сам Карла, дзе святы Францішак публічна адмовіўся ад дабротаў зямнога жыцця і цалкам прысвяціў сябе Богу і бедным. Пробашч касцёла заявіў, што цела Акуціса было «цалкам цэлым», хоць і не ў першапачатковым выглядзе.

23 мая 2024 года Папа Францішак прызнаў другі цуд, які прыпісваецца заступніцтву Акуціса. На гэты раз праз малітву да яго ацалілася жыхарка Коста-Рыкі. Яна здолела ацаліць сваю дачку, якая мела кровазліццё ў мозг, упаўшы з ровара. Цырымонія кананізацыі была запланаваная на 27 красавіка 2025 года, але 21 красавіка памёр Папа Францішак і яе перанеслі – на гэты раз на 7 верасня.

Кіберапостал

Ад моманту пачатку кананізацыйнага працэсу Карла Акуціс атрымаў розныя эпітэты ў сацсетках: «першы святы геймер», «энтузіяст інтэрнэту», «кіберапостал», «Божы інфлюэнсер» ды іншыя. «Ён не задавальняўся зручнай бяздзейнасцю, але зразумеў патрэбы свайго часу, распазнаючы ў самых слабых аблічча Хрыста. Няхай яго хрысціянскае сведчанне пакажа сучаснай моладзі, што сапраўднае шчасце можна знайсці, паставіўшы на першае месца Бога і служачы Яму ў бліжніх, асабліва самых апошніх», – казаў пра яго Папа Францішак.

Прэфект Кангрэгацыі па справах кананізацыі кардынал Марчэла Сэмерара адзначаў, што Акуціс меў здольнасці ў галіне інфарматыкі і выкарыстоўваў іх для распаўсюджвання Евангелля і пашырэння эўхарыстычнага культу. «Ён быў анлайн, каб весці людзей афлайн. Ён выкарыстоўваў інтэрнэт, каб прывесці людзей да Эўхарыстыі і сапраўдных сустрэч», – падкрэсліваў рэжысёр Цім Марыяці, які зняў да кананізацыі адмысловы фільм пра падлетка.

Але не гэта было галоўным, што вылучала хлопчыка сярод аднагодкаў: «асаблівасцю» Карла было тое, што з ранніх гадоў ён адкрыў для сябе Езуса Хрыста, да Якога праяўляў усё больш глыбокую любоў, адзначае кансультант-багаслоў з Дэпартаменту праслаўлення святых езуіт Артура Эльберці. Паводле яго, сустрэча з Панам змяніла жыццё Акуціса з самага дзяцінства. Ён знайшоў у Ім сябра, настаўніка, выратавальніка, матывацыю для ўсяго свайго жыцця.

Само ж яго жыццё было цалкам «эўхарыстычным»: ён не проста любіў цела і кроў Хрыста і шанаваў іх, але ўсведамляў іх ахвярны аспект, які цалкам прыняў падчас сваёй апошняй хваробы. Карла ўдзельнічаў у Святой Імшы штодня і шмат часу прысвячаў маўклівай малітве перад табернакулем. Ён сам казаў, што ад эўхарыстычнай таямніцы вучыцца бязмежнай любові Пана да кожнага чалавека.

Яшчэ адной моцнай праявай нядоўгага жыцця Карла Акуціса была Найсвяцейшая Панна, Якой ён неаднаразова даручаў усё сваё жыццё. Кожны дзень ён маліўся на Святым Ружанцы і распаўсюджваў шанаванне Багародзіцы сярод знаёмых.

Свет супраць Акуціса

Аднак не ўсе віталі кананізацыю Карла Акуціса. Як адзначае англамоўнае каталіцкае выданне «Zenit», кампанія супраць гэтага пачалася ў сакавіку 2025 года па ініцыятыве часопіса «The Economist», які «не надта сімпатызуе Рымска-Каталіцкаму Касцёлу». Затым крытыку падхапілі ліберальныя каталіцкія багасловы, як італьянец Андрэа Грыла, і свецкія СМІ.

Праціўнікі кананізацыі звяртаюць увагу на некалькі момантаў. Першае – гэта дэманстрацыя ў Асізі васкаванага цела Акуціса пасля яго беатыфікацыі, што лічыцца праявай кепскага густу і пасмяротным гвалтам, параўнальным з сэксуальным. Праўда, паказ рэліквіяў святых з’яўляецца нормай для 2000-гадовай традыцыі Касцёла.

Другі аргумент супраць кананізацыі – гэта прыналежнасць Акуціса да заможнай сям’і, што, маўляў, супярэчыць навуцы Езуса пра багатых. Тым не менш, гісторыя Касцёла мае шмат прыкладаў кананізацыі багатых, у тым ліку каралёў, а галоўная заўвага хрысціянства да багатых заключаецца не ў самім багацці, а ў нездаровай прывязанасці да яго і адсутнасці дапамогі бедным, чаго не скажаш пра Акуціса, адзначае «Zenit».

Крытыкуюць кананізацыю і за малады век будучага святога. Заяўляецца, што гісторыі з жыцця Акуціса могуць быць ілжывымі альбо яму папросту «прамылі мазгі» бацькі і настаўнікі ў каталіцкіх школах. Аднак, падкрэсліваюць аўтары «Zenit», калі грамадства можа судзіць падлеткаў за злачынствы, то павінна і прызнаваць іх «заслугі за дабрадзейныя і святыя ўчынкі».

І адным з галоўных аргументаў супраць яго кананізацыі, якое распаўсюджваюць ліберальныя багасловы, заключаецца ў тым, што Акуціс цвёрда верыў у тое, што падчас Эўхарыстыі хлеб і віно ператвараюцца ў сапраўднае цела і кроў Езуса. Хоць гэта часта не прызнаюць вернікі іншых хрысціянскіх канфесіяў і нават частка католікаў. Да таго ж Акуціс не толькі верыў у гэта сам, але і актыўна распаўсюджваў у інтэрнэце сярод іншых. Менавіта гэтая частка веры міланскага падлетка найбольш турбуе прагрэсіўных католікаў і свецкіх гуманістаў, піша «Zenit»: «Думка пра тое, што малады чалавек з выбітнай сям’і і камп’ютарны вундэркінд мог прытрымлівацца гэткіх «сярэднявечных» дактрын, многімі ўспрымаецца як непрымальная».

Тым не менш, кананізацыяй Акуціса, мяркуе ватыканскі багаслоў Эльберці, Папа Францішак хацеў паказаць, што і сёння маладыя хрысціяне могуць жыць паводле Евангелля паслядоўна і безумоўна, захоўваючы повязі з Найсвяцейшым Сакрамантам і жывыя стасункі з Панам. Акуціс не проста наведваў Імшу і шанаваў Найсвяцейшы Сакрамант, але і ўмеў чэрпаць з іх сілу для сведчання Евангелля, якое было цэнтрам яго існавання.

Мечыслаў Гапановіч