- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Першы рэлігійны буккросінг даступны ў касцёле ў Мінску

[1]2 верасня, у нядзелю, у касцёлах прайшлі традыцыйныя малітвы аб Божым благаслаўленні для школьнікаў, студэнтаў і настаўнікаў у новым навучальным годзе. У касцёле Маці Божай Будслаўскай на Каменнай Горцы ў Мінску парафіянаў чакаў, апрача школьных прыладаў і ласункаў, яшчэ адзін падарунак: у святыні была адкрыта бібліятэчка буккросінгу.

Буккросінг — сусветны рух, сэнс якога ў вольным перамяшчэнні кніг ад аднаго чытача да іншага. Ідэю буккросінгу прапанаваў сеціўны актывіст Рон Хорнбэкер у 2001 годзе. Сёння гэты рух становіцца ўсё больш папулярным ва ўсім свеце.

Не стала выключэннем і Беларусь. У Мінску налічваецца 10 найбольш вядомых пляцовак, дзе можна заняцца буккросінгам. Аднак рэлігійнай літаратуры прадстаўлена ў іх вельмі мала.

«Ідэя стварыць бібліятэку буккросінгу паўстала не з-за захаплення моднай плынню. Кожны святар, выйшаўшы з канфесіянала, гадзінамі думае пра тыя праблемы, якія даверылі нам вернікі на споведзі.

Часта задаеш сабе пытанне: ці дастаткова парады, дадзенай вернікам у канфесіянале і ў гаміліі? Чым можна яшчэ дапамагчы людзям і данесці Божае слова да іх сэрца? Пры дапамозе кнігі, вядома», — падзяліўся пробашч парафіі Маці Божай Будслаўскай ксёндз канонік Францішак Рудзь.

Сучасны чалавек мае шырокі спектр інтарэсаў і поглядаў, аднак не заўсёды мае час, каб набыць неабходную для яго літаратуру. Асабліва гэта датычыцца моладзі. Таму ў бібліятэку буккросінгу была падабрана літаратура для людзей усіх узростаў, прысвечаная праблемам выхавання дзяцей, сямейных адносін, сумненняў у веры, захавання здароўя душы і цела. Аўтарамі кніг з’яўляюцца святары і псіхолагі. Хто ведае: можа, камусьці менавіта кніга з гэтай бібліятэкі дасць параду і дапаможа прыняць правільнае ў жыцці рашэнне.

Карыстацца бібліятэкай буккросінгу ў касцёле лёгка. Пашпарты і чытацкія білеты не патрэбныя.

Чытач выбірае любую кнігу, а пасля прачытання вяртае яе на паліцу. У бібліятэку кожны можа прынесці і падараваць свае кнігі (безумоўна, добрыя і пазнавальныя).

Праз некаторы час, калі парафіяне пазнаёмяцца з ужо існуючай літаратурай і бібліятэка павялічыцца, кнігі прымуць удзел у Міжнародным руху буккросінгу. «Напісаўшы ў кнігах зварот да чытача, мы адпусцім іх у падарожжа па свеце. Запрашаем у нашу бібліятэку буккросінгу», — кажа кс. Францішак Рудзь.

catholic.by [2]