[1]6 ліпеня – асаблівы дзень для вернікаў астравецкай парафіі Адшукання Крыжа Пана. Менавіта ў гэты дзень з вялікай пашанай і радасцю вернікі на чале з пробашчам Юрыем Кузьмічом урачыста віталі абраз маці Божай Міласэрнасці, які прыбыў з суседняй парафіі святых Космы і Дам’яна.
У панядзелак вечарам абраз у атачэнні працэсіі пад спевы праслаўлення быў унесены ў святыню. Пасля таго, як ён быў змешчаны на спецыяльна падрыхтаваным месцы, распачалася святая Імша, якую ўзначаліў пробашч.
У сваёй гаміліі, разважаючы над роляй Маці Божай ў жыцці Касцёла і жыцці кожнага чалавека, святар адзначыў: “Гэта абраз нашай Матулі, якая ніколі не пакіне сваіх дзяцей, якая заглядае ў сэрцы кожнага з нас. Пашчасціла, што мы знаходзімся ў такой блізкасці да Марыі, да Яе трона. Перэгрынацыя паказвае перамогу Божую над сатаной і над злом. Сёння вітаем Багародзіцу Марыю, якая з’яўляецца не толькі мамай Міласэрнасці, але той, якая заўсёды будзе паўтараць “Верце майму Сыну, давярайце Яму”. Марыя прыходзіць, каб паказаць, што Яе прысутнасць знамянуе жыццё”.
На працягу двух наступных дзён – 7 і 8 ліпеня – парафіяне маглі карыстацца вялікай ласкай, прыходзіць пад трон Нябеснай Матулі, узносячы малітвы. 8 ліпеня ў 18.00 адбылася развітальная святая Імша. Абраз накіраваўся ў парафію Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі.
Дзякуем Табе, Маці Божая Міласэрнасці, за Тваю прысутнасць у нашай парафіі!
Вольга Заянчкоўская, тэкст
Вольга Заянчкоўская, Анастасія Ёдзік, фота









