- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Пазашкольнае дзіцячае жыццё

[1]У мінулым артыкуле мы разважалі пра падрыхтоўку сям’і да школы [2]. А сёння разгледзім не менш актуальную тэму: як выбраць для свайго дзіцяці гурткі і секцыі.

  1. Расклад дзіцяці дастасоўваецца да раскладу бацькоў

Вельмі важна перад тым, як вырашыць, на якія гурткі і секцыі пойдуць вашыя дзеці, абмеркаваць рэальныя жаданні і магчымасці бацькоў. Пазашкольныя заняткі – гэта не толькі высілкі вашых сыноў і дачок, але і ваш бацькоўскі.

Найперш вас чакаюць фінансавыя выдаткі. І справа не толькі ў аплаце гурткоў, але таксама ў выдатках, звязаных з набыццём формы (напрыклад, калі гэта спартыўная секцыя), інструмента (калі гэта музычная школа), неабходных рэчаў для творчых гурткоў (малявання, вышыўкі і г.д.).

Час і высілкі. Вельмі добры варыянт, калі гурткі і секцыі праходзяць у школе пасля заняткаў, але гэта не заўсёды магчыма. Пры абмеркаванні пазашкольных заняткаў важна ўлічваць, колькі часу вы патраціце, каб адвесці сыноў і дачок на гурткі, а потым зноў прывесці іх дадому, і ці зможаце вы гэты час сумясціць са сваім працоўным графікам і заняткамі іншых дзяцей, калі іх некалькі.

Бацькам вельмі важна размеркаваць абавязкі і спланаваць, хто з іх і якім чынам будзе дапамагаць дзецям з гурткамі і секцыямі.

  1. Што выбраць?

Сёння перад бацькамі і дзецьмі вельмі шмат самых розных прапаноў: ад класічных да незвычайных. Галоўнае пытанне, якое стаіць перад вамі: мэта выбару тых ці іншых заняткаў.

Першае, медыцынскія паказанні. Напрыклад, маленькім дзецям рэкамендуецца развіваць дробную маторыку, для карэкцыі захворванняў пазваночніка – наведваць басейн і г.д. Калі дзіця гіперактыўнае, псіхолагі рэкамендуюць займацца больш спакойнымі варыянтамі творчасці.

Другое, схільнасці і здольнасці дзіцяці. Хто, як не бацькі, лепш ведае, што цікавіць сына ці дачку, чым яны любяць займацца. Абмяркуйце разам, куды б вашае дзіця хацела пайсці, а таксама патлумачце важнасць тых ці іншых пазашкольных заняткаў.

  1. Розныя варыянты

Дзеці, а тым больш падлеткі, – вельмі рознабаковыя і непастаянныя асобы. Можа здавацца, што іх адначасова цікавіць усё і не цікавіць нічога. Таму будзьце побач і дазваляйце спрабаваць рознае.

Часам можа здавацца, што сын лепш праявіць сябе ў спорце, але, паспрабаваўшы гуляць у футбол, ён зразумеў: маляванне цікавіць яго нашмат больш. І гэта абсалютна нармальна. А дачцэ падабалася глядзець па тэлебачанні, як спяваюць артысткі, ды толькі на справе аказалася, што ў тэнісе яна праяўляе сябе лепш.

Гэта ўмоўныя прыклады, але бацькі павінны зразумець: для дзіцяці нармальна шукаць сябе і вагацца ад аднаго занятку да другога. Галоўнае – урэшце выбраць сапраўды свой.

  1. Карыстайцеся дадатковай інфармацыяй

Урэшце вы разам выбралі, чым будзе займацца вашае дзіця. Наступны важны крок – вырашыць, дзе і з кім.

На пазашкольных занятках важна не толькі, якую інфармацыю і ў якой якасці атрымае дзіця, але і ў якой атмасферы яно будзе знаходзіцца. Таму запытайцеся ў іншых мамаў, пачытайце водгукі, можна наведаць установу, паразмаўляць з адміністрацыяй і выкладчыкамі. Ацаніце метады і спосабы выкладання, а таксама паводзіны выкладчыка. Рашэнне павінна быць узважаным і абмеркаваным.

  1. Мама і тата – галоўная падтрымка ў радасцях і цяжкасцях

Якія б пазашкольныя заняткі вы ні выбралі для дзяцей, гэта частка іх жыцця. Важна размаўляць з імі, пытацца, як праходзяць заняткі, што цікавага на іх адбывалася, з кім пазнаёміліся і г.д.

Не абыдзецца без цяжкасцяў, але і тут станьце падтрымкай.

Вікторыя Філіпенка – маладая мама дваіх дзяцей