Пастырскі ліст біскупа Алега Буткевіча на Вялікі пост 2021

Шаноўныя святары,
браты і сёстры манаскіх супольнасцяў,
дарагія дыяцэзіяне!

Жыццё чалавека падобнае да змагання – сцвярджае Святое Пісанне вуснамі Ёва (пар. Ёў 7, 1). Апошнім часам мы асабліва пераконваемся ў праўдзівасці гэтых слоў, гледзячы на тое, што адбываецца ў свеце, і перажываючы падзеі ў нашай Бацькаўшчыне. Вялікі пост, які з вамі ўжо распачалі, таксама падпадае пад катэгорыю змагання, аднак яго “тэрыторыяй” з’яўляецца нашая людская натура, так цялесная, як і духоўная. Менавіта яна, часта не менш за знешні свет, патрабуе ўпарадкавання і кантролю сваёй функцыянальнасці. Больш таго, патрабуе гэтага ў першую чаргу, бо ад таго, што адбываецца ў сэрцы кожнага паасобнага чалавека, у яго душы, залежыць жыццё ўсяго грамадства, і ў першую чаргу лёс самога чалавека.

Найлепшым матывам увайсці на дарогу Велікапоснага пакаяння і навяртання служыць нам прыклад самога Езуса Хрыста: “І быў Ён у пустыні сорак дзён, дзе Яго выпрабоўваў сатана” (Мк 1, 13). Той, у якім злы дух нічога не мае свайго (пар. Ян 14, 30), які сябе называў “Дарогай, Праўдай і Жыццём…” (пар. Ян 14, 6), не зрабіў сабе выключэння і з гэтай пакутнай практыкі. Ці ўжо сам гэты факт не павінен абудзіць нашага сумлення, стаць матывацыяй, каб пайсці тым самым шляхам? Тым больш, што заўсёды можам разлічваць на дапамогу таго самага Духа, які “вывеў Езуса ў пустыню” (Мк 1, 12).

Атрымаўшы знак пасыпання попелам нашых галоў, які прыгадвае нам крохкасць і часовасць жыцця ў гэтым свеце, нам трэба распачаць ад перагляду і аднаўлення нашых адносінаў з Богам, усведамлення наноў Яго бязмежнай любові да чалавека. Інакш кажучы, стаць перад самім сабой і Богам у праўдзе і такім чынам вярнуцца да Запавету з Ім. Неабходным шляхам і дзейснай дапамогай у гэтым служаць пост, малітва і міласціна, пра якія кажа Езус у сваім казанні на гары (Мц 6, 1-18). Папа Францішак у сваім пасланні нагадвае, што менавіта яны “з’яўляюцца ўмовай і знакамі нашага навяртання. Дарога ўбоства і адрачэння(пост), увага і знакі любові ў дачыненні параненага чалавека (міласціна), а таксама дыялог сына з Айцом (малітва) дазваляюць нам уцелавіць у жыццё шчырую веру, жывую надзею і дзейсную любоў”.

Важнай часткай нашага духоўнага жыцця, а фактычна яе цэнтрам з’яўляецца Літургія. У ёй мы атрымліваем унікальную магчымасць паяднання з Богам, Які ў літургічным дзеянні асаблівым чынам здзяйсняе справу нашага збаўлення. Для чалавецтва гэта стала магчымым дзякуючы прыняццю Богам людской натуры. Такім чынам Ён фактычна згадзіўся на сваё прыніжэнне перад чалавекам, тзв. “кенозу”, і замест таго каб усталяваць абгрунтаваную справядлівасць і пакараць грэшны род чалавечы, сам стаўся Слугою, прымаючы на сябе ўвесь цяжар нашых грахоў і правінаў. Апостал народаў выразна кажа нам пра гэта ў сваім пасланні да Філіпянаў: “Няхай вашыя думкі будуць такімі, як у Хрысце Езусе. Ён, будучы ў постаці Бога, не скарыстаў з таго, каб быць нароўні з Богам, але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі, прыпадобніўшыся да людзей. І з выгляду стаўшы як чалавек, прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай” (Флп 2, 5-8).

Дарагія браты і сёстры!

Хачу звярнуць вашую ўвагу на гэты заклік Апостала Паўла: “Няхай вашыя думкі будуць такімі, як у Хрысце Езусе”! Мова не толькі пра думкі, але настрой, пачуцці, настаўленне, з якім мы павінны ўспрымаць адкрытасць Бога на чалавека. Мова пра ўспрыняцце і ўшанаванне Божай пакоры, паслухмянасці і прыніжэння, якія Створца праяўляе адносна свайго стварэння. Каталіцкі Касцёл сярод усіх хрысціянскіх адгалінаванняў найбліжэй стаіць да гэтай праўды, перадусім здзяйсняючы культ Эўхарыстыі, падчас каторай хрысціянін у знаку глыбокай павагі нават згінае перад гэтай вялікай Таямніцай свае калені. Таму, пажадана каб мы захавалі гэты звычай не толькі ў момант т.зв. кансэкрацыі – перамянення Дароў, але і прымаючы Святую Камунію.

Дарагія дыяцэзіяне!

У працяг вышэй выказанай думкі хачу звярнуць вашую ўвагу яшчэ на адзін момант, звязаны з перажываннем святой Літургіі. Мова ідзе пра апладысменты. І нават не столькі пра самыя апладысменты, як пра абставіны, якім яны спадарожнічаюць, і якія не павінны мець месца не проста падчас Літургіі, але ўвогуле ў нашых касцёлах, капліцах, там – дзе складаецца Эўхарыстычная Ахвяра і захоўваецца Найсвяцейшы Сакрамант. Уводзіны да Рымскага Імшалу даюць нам наступнае тлумачэнне: “Цэлебрацыя Імшы…- гэта цэнтр усяго хрысціянскага жыцця як паўсюднага, так і мясцовага Касцёла, а таксама асобных вернікаў. У Імшы дасягае сваёй вяршыні дзеянне Бога, якім Ён асвячае свет у Хрысце, і культ, у якім людзі пакланяюцца Айцу, ушаноўваючы Яго праз Хрыста, Сына Божага ў Духу Святым” (ІМ 16). Інакш кажучы Літургія гэта выключны момант (і месца!) праслаўлення Бога, і толькі Яго!

У свой час Святы Юзаф Мельхіёр Сарто — Папа Пій Х, казаў што: “Не падабае, каб слузе апладзіравалі ў доме яго Гаспадара”, і ўвёў забарону на апладысменты падчас Пантыфікальных Імшаў у Базыліцы Святога Пятра.

Падобным чынам выказваецца і Папа Рымскі на пенсіі Бэнэдыкт XVI: “Кожны раз, калі падчас Літургіі чуецца выбух апладысментаў дзеля нейкага чалавечага дасягнення, гэта вернае сведчанне таго, што сутнасць Літургіі цалкам знікла і пераўтварылася ў своеасаблівую рэлігійную забаву”. На жаль, мы ўжо прызвычаіліся ў нашых святынях да такога выключна свецкага спосабу выразу сваёй удзячнасці ці ўшанавання той ці іншай асобы, або людскога дабрадзейства. Няхай гэта адбываецца ў іншым месцы і ў іншым часе, не перад абліччам нашага Збаўцы, якому не апладзіравалі нават падчас найбольшага трыумфу  Яго зямнога жыцця – урачыстага ўезду ў Ерузалем, што цяпер мы святкуем як Пальмовую Нядзелю. Тым больш апладысменты не гучалі на Галгофе, а Касцёл — гэта ўсё ж такі месца, дзе складаецца тая самая Ахвяра Езуса Хрыста!

Усё гэта не азначае, што мы не павінны быць удзячнымі тым, ад каго атрымліваем тое ці іншае дабрадзейства. З дзяцінства нас вучылі ў гэтым выпадку казаць “дзякуй!” Але ніводная наша заслуга не мае і блізкага параўнання з той, якую мае перад намі Бог. Таму, як мінімум не зусім карэктна прымаць удзячнасць у месцы, прызначаным для выключнага Божага культу! І добра было б, каб мы вучыліся ўспрымаць нашае служэнне ў Касцёле як дадзеную нам ласку і магчымасць “разбагацець перад Богам” (пар. Лк 12, 21), “збіраючы сабе скарб у небе” (пар. Мц 6, 20), паводле вызнання Святога Яна Хрысціцеля, узрадаванага тым, што можа служыць Хрысту: “Яму трэба ўзрастаць, а мне станавіцца меншым” (Ян 3, 30). Выраз удзячнасці з’яўляецца добрай справай, яле ён не павінен памяншаць ці засланяць хвалы, прыналежнай адзінаму Богу.

Дарагія браты і сёстры!

Спадзяюся, што гэтыя разважанні адносна Літургіі дапамогуць нам з большай павагай перажываць нашую прыналежнасць да Хрыстовага Касцёла. У сваю чаргу большая павага да Божых таямніцаў дапаможа нам паглыбляць і выпраўляць адносіны і з нашымі бліжнімі, якіх у Езусе Хрысце мы павінны ўспрымаць як сваіх братоў і сясцёр, і ў іх таксама бачыць свой шлях да Бога. (пар. Мц 25, 40). А гэта напэўна дапаможа нам па-Божаму вырашаць існуючыя цяжкасці ў грамадскім і асабістым жыцці, будуючы па-сапраўднаму Божае Валадарства на нашай зямлі.

Няхай заступніцтва Багародзіцы, нашай нябеснай Апякункі правядзе нас шчасліва праз час Вялікага посту і выпрасіць ласку ў радасці сустрэць Велікодныя Святы!

На час перажывання Вялікага посту ад усяго сэрца бласлаўляю

У Імя + Айца, + і Сына, + і Духа Святога. Амэн.

Віцебск, 21.02.2021 г.

+Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі

Шаноўным святарам Віцебскай дыяцэзіі гэты зварот належыць прачытаць у Першую нядзелю Вялікага посту падчас кожнай святой Імшы.

для друку для друку