[1]15 лістапада ў курыі Віцебскай дыяцэзіі адбылося 73-е пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
У чарговым пасяджэнні бралі ўдзел усе члены ККББ за выключэннем дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Казіміра Велікасельца, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.
На пачатку слова ўзяў Апостальскі Нунцый, які звярнуў увагу на найбольш актуальныя справы жыцця Касцёла ў Беларусі.
Іерархі заслухалі справаздачу старшыні ККББ арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча аб Сінодзе Біскупаў на тэму “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”, які праходзіў у Ватыкане з 3 па 28 кастрычніка і ў якім ён прымаў удзел.
Таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пазнаёміў прысутных з актуальным станам працы над пагадненнем паміж Касцёлам і дзяржавай.
На пасяджэнні, згодна з патрабаваннем ватыканскай Кангрэгацыі Веравучэння, пры ККББ была ўстаноўлена новая камісія па справах абароны малалетніх.
ККББ зацвердзіла:
— ксяндза Андрэя Зноску кансультантам па юрыдычных пытаннях пры ККББ;
— ксяндза Аляксандра Уласа дырэктарам інтэрнэт-партала catholic.by.
Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB быў прызначаны адказным за распрацоўку канцэпцыі Тэалагічнай акадэміі імя св. Яна Паўла ІІ.
Іерархі зацвердзілі тэму наступнага душпастырскага года ў Касцёле ў Беларусі: “Сям’я — крыніца радасці і надзеі моладзі”.
Біскупы абмеркавалі пытанне пра выкарыстанне матэрыялаў, падрыхтаваных Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ, і прынялі рашэнне, што выкарыстоўваць гэтыя матэрыялы можна толькі з афіцыйнага дазволу епіскапату.
Быў зацверджаны ліст ККББ на “семінарыйную» нядзелю”, якая прыпадае на ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету.
Епіскапат разгледзеў пытанне культу цудатворнага абраза Маці Божай Бялыніцкай і прыняў рашэнне звярнуцца ў Кангрэгацыю Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў з просьбай аб уключэнні свята Маці Божай Бялыніцкай у літургічны каляндар Касцёла ў Беларусі.
Біскупы заслухалі прапанову фонду “Адкрытыя сэрцы” ў сферы сям’і і захавання жыцця, а таксама на тэму ідэалогіі гендар, і прынялі да ўвагі гэтую інфармацыю.
Наступнае пасяджэнне запланавана на 5 сакавіка 2019 года ў Мінску.
Catholic.by [2]