- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Парафія ў Варапаеве адзначыла фэст св. Міхала Арханёла і развіталася з пробашчам

[1]Урачыстасць адбылася 29 верасня, калі Касцёл адзначае свята Арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала. Варапаеўская парафія сваім апекуном мае св. Міхала. Дарэчы, ён лічыцца нябесным заступнікам Беларусі, а імя азначае “Хто ж, як не Бог”. Святочны дзень стаў і часам развітання з пробашчам кс. Юрыем Вількам SCJ.

Святар тут служыў з 2015 года, спачатку вікарыем, а з 2016 года пробашчам. 4 верасня 2020 года кс. Юрый, які мае польскае грамадзянства, але шмат гадоў нёс Божае слова на тэрыторыі Беларусі, атрымаў [2] ліст ад упаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі, які адмяняе дазвол на святарскае служэнне ў нашай краіне. Беларускія ўлады рэгулююць дзейнасць святароў і без спецыяльнага дазволу замежныя ксяндзы не могуць цэлебраваць ніводнай святой Імшы. Для пастаяннай працы неабходны падпісаны дазвол.

[3]

Ксёндз Юрый Вільк SCJ

У гэты дзень у Варапаева прыехалі падтрымаць і разам памаліцца дэкан Пастаўскага дэканату кс. Павел Самсонаў, сабраты з кангрэгацыі айцоў сэрцанаў з Паставаў, Гродна і Шаркаўшчыны, а таксама святары з суседніх парафій. Галоўным цэлебрантам Эўхарыстыі і казнадзеем быў віцэ-дэкан Пастаўскі кс. Аляксандр Баран, пробашч з Лынтупаў.

[4]

Ксёндз дэкан Павел Самсонаў ад імя біскупа Віцебскага Алега Буткевіча ўручыў Падзяку за ахвярнае, шматгадовае служэнне Каталіцкаму Касцёлу ў Беларусі, як адданага душпастыра Віцебскай дыяцэзіі.

[5]

Словы падзякі і перапрашэння скіравалі варапаеўскія парафіяне. Быў час, калі кс. Юрый будаваў Божае Валадарства на Пастаўскай зямлі, таму развітацца і падзякаваць за гады служэння захацелі пастаўчане, якія адмыслова прыбылі на фэст.

[6]

Апошнім пунктам урачыстасці стала выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, эўхарыстычная працэсія з фігурай св. Міхала і спевам гімну “Магутны Божа”.

[7]

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота