[1]12 кастрычніка з удзелам біскупа Алега Буткевіча ў Павяцці адбылася ўрачыстая святая Імша з нагоды юбілею святыні. На супольную Эўхарыстыю прыбылі святары з суседніх парафій, прадстаўнікі мясцовай улады, шматлікія парафіяне і госці свята.
Спакон веку жыхары Павяцця і навакольных вёсак накіроўваліся на Эўхарыстыю ў Мёры ці Ідолта. У 1991 годзе ў Друю прыехаў служыць марыянін ксёндз Антоній Лось, які апекаваўся таксама Ідолтаўскай парафіяй. У хуткім часе святар пачаў прыязджаць у Павяцце і цэлебраваць нядзельную Эўхарыстыю ў доме парафіянкі Вікторыі Масла. Наведваючы Павяцце, ксёндз Антоній звярнуў увагу на пакінуты доўгабуд. Гэта быў праект Белкаапсаюза па ўзвядзенні вялікага магазіна, але ў часы перабудовы праца замарозілася і стала. У лістападзе 1995 года ў райвыканкам была пададзена петыцыя з просьбай перадаць вернікам недабудаваны аб’ект, аднак яе адхілілі. А тым часам будынак знішчаўся: разабралі страху, знялі плітку са столі.
Пытанне вырашылася станоўча 17 лютага 1998 года галасаваннем на агульным сходзе калгаснікаў. “Хто за тое, каб перадаць?” – спытаў старшыня Рыгор Міна. Паднялося некалькі рук (людзі, мабыць, баяліся). “Тады інакш паставім пытанне: хто супраць?”. Супраць не быў ніхто. Так з’явілася надзея. Распачалася праца. У перабудове будынка магазіна ў святыню значную дапамогу аказаў старныня гаспадаркі Міна Р.М.. Касцёл Маці Божай Фацімскай быў кансэкраваны біскупам Віцебскім Уладзіславам Блінам 1 кастрычніка 2000 года. Гэты дзень стаў пачаткам новага жыцця павяцкіх католікаў.
Сёння касцёл у Павяцці — гэта прыгожы храм, які штодзень збірае на Эўхарыстыю сваіх вернікаў. У дзень святкавання юбілею, вернікаў пры ўваходзе ў храм вітаў пробашч парафіі ксёндз Вячаслаў Адамовіч. Галоўнага госця свята — ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі біскупа Алега Буткевіча — па традыцыі сустрэлі хлебам-соллю.
А 15-ай гадзіне распачалася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Алег. У Эўхарыстыі бралі ўдзел дэкан Мёрскі ксёндз Андрэй Кулік, айцец Чэслаў Курэчка МІС з Росіцы і ксёндз Аляксандр Грыцкевіч з Верхнядзвінска.
На пачатку Імшы ксёндз Вячаслаў Адамовіч заўважыў, што Маці Божая ў чарговы раз збірае нас ў сваёй святыні на супольную малітву. Адзначаючы дваццаціпяцігоддзе кансэкрацыі святыні праз рукі Марыі хочам занесці падзяку Пану Богу за магчымасць існавання касцёла ў Павяцці, за тых людзей, якія прычыніліся да яго будаўніцтва, за ўсіх святароў, якія тут служылі і ўсіх вернікаў, якія праз малітву і працу падтрымліваюць існаванне святыні.
«Велічны Бог у сваёй святыні, Бог Ізраэля. Ён дае сілу і моц свайму народу, Бог Благаслаўлёны» — звярнуўся да прысутных словамі Псальма біскуп Алег Буткевіч (пар. Пс 68(67), 36). Іерарх адзначыў, што знакам веры людзей, якія жывуць на той ці іншай тэрыторыі з’яўляецца святыня. Месца, дзе складаецца Эўхарыстычная ахвяра. Месца сустрэчы чалавека з Богам. І, як сведчыць Святое Пісанне, — гэта месца з’яўляецца знакам Божага благаслаўлення. Бо ўсё што мы робім і да чаго імкнёмся, без Божай апекі і Божага благаслаўлення застаецца бясплённы. Таму мы сёння дзякуем Богу і ўзгадваем тых людзей, без якіх не было б гэтай святыні.
Разважаючы падчас гаміліі над роляй святыні для чалавека, Яго Эксцэленцыя падкрэсліў, што кожны, хто прыняў сакрамант хросту, з’яўляецца святыняй Духа Святога. Іерарх нагадаў пра абавязак клопату пра святыню свайго сэрца, а для бацькоў і хросных яшчэ і пра духоўны стан іх дзяцей. Ардынарый заўважыў, што ўсе вернікі, як камяні, утвараюць агульную святыню — Касцёл Божы, і заклікаў прысутных браць годны ўдзел у яго будаўніцтве.
Напрыканцы Ішмы пробашч парафіі ксёндз Вячаслаў Адамовіч падзякаваў усім за ўдзел у Эўхарыстыі і падрыхтоўку ўрачыстасці. Са словамі віншавання з нагоды юбілею святыні да вернікаў Павяцкай парафіі звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Анатольевіч Драба, які ўручыў адмысловы віншавальны ліст пробашчу ксяндзу Вячаславу Адамовічу.
Завяршыўся адпуст малітвай перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам і бласлаўленнем.
Урачыстасць з нагоды юбілею, нягледзячы на няўстойлівае і халоднае надвор’е, атрымалася цёплай і ўтульнай. На працягу некалькі дзён парафіяне шчыравалі на добраўпарадкаванні святыні, каб Божы дом выглядаў прыгожа ў дзень свайго юбілею. Адмыслова да ўрачыстай даты была зладжана выстава з гісторыі касцёла і жыцця парафіі. Упрыгожыў свята сваімі спевамі хор Мёрскай парафіі пад кіраўніцтвам Яўгеніі Баговіч. Падзякаваць Пану Богу за касцёл у Павяцці і падрымаць парафіянаў у гэты дзень прыехала шмат вернікаў, якія паходзяць з вёскі і ваколіц, аднак зараз жывуць у іншых месцах. Пакуль у душах людзей захоўваецца вера і памяць пра свае карані, святыня будзе жыць.
Жанна Закрэўская, kascelmery.by [8]