- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Парафія ў Лядску адзначыла з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча адпустовую ўрачыстасць і сустрэла абраз Маці Міласэрнасці

[1]8 мая, ва ўспамін св. Станіслава, біскупа і мучаніка, адзначыла адпустовую ўрачыстасць парафія ў Лядску, якая носіць тытул гэтага святога. У той жа дзень у парафію прыбыла копія абраза Маці Божай Вастрабрамскай, якая ў межах перэгрынацыі наведвае ўсе святыні Гродзеншчыны.

З нагоды першай гадавіны абрання Папы Льва XIV на Апостальскі Пасад, якая адзначаецца ў гэтыя дні, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў у старадаўнім касцёле парафіі святую Імшу. Прысутнічала вялікая колькасць вернікаў, якіх прывітаў у пачатку літургіі пробашч кс. Павел Гедройць.

У гаміліі арцыбіскуп звярнуў увагу на тое, што апякун парафіі святы Станіслаў пакінуў людзям узор моцнай веры і захавання маральнага закону. Іерарх адзначыў, што святы жыў згодна з заклікам Езуса Хрыста ў Евангеллі: “Няхай будзе слова вашае “так-так”, “не-не” (Мц 5, 37), не вагаўся, цвёрда падтрымліваў маральны парадак.

“У Дзеях Апосталаў святы Павел падкрэслівае, што біскуп Святым Духам прызначаны кіраваць Касцёлам і ахоўваць даручаных яму авечак ад уплыву нездаровага вучэння. Ён не можа паддавацца знешняму ціску, калі евангельскія каштоўнасці ігнаруюцца і прапагандуецца амаральны лад жыцця. Святы Станіслаў у сваім служэнні спаткаўся з выклікам амаральных паводзін караля Баляслава Смелага, якога адлучыў ад Касцёла. Раз’юшаны такім прыніжэннем, кароль забіў яго мячом падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі. Як пастыр і абаронца маральнага парадку, ён стаў «голасам сумлення» свайго часу. Святы Ян Павел II назваў яго заступнікам хрысціянскага маральнага парадку”, – нагадаў арцыбіскуп.

Ён дадаў, што вера не дазваляла святому Станіславу абыякава глядзець на праблемы, апраўдваць зло і несправядлівасць, прымушала супрацьстаяць ім.

Па словах арцыбіскупа, сучасны чалавек бачыць шчасце не ў згодным з Божым законам жыцці, а ў “матэрыяльных каштоўнасцях, задавальненнях, якія нярэдка супярэчаць Божаму закону, папулярнасці, уладзе” – і ў выніку “яго культурныя, сацыяльныя, філасофскія і маральныя погляды становяцца адарванымі ад Бога і веры, многія больш не адчуваюць патрэбы практыкаваць веру, для іншых яна становіцца чыста асабістай справай”. “Мы далёка не заўсёды знаходзім спосабы вырашэння розных крызісаў, пры гэтым забываемся, што іх прычына – маральны крызіс, калі чалавек адкідвае Божы закон і імкнецца жыць паводле свайго, – сказаў іерарх. – Божы закон дадзены нам не для таго, каб мы яго змянялі, а каб ён змяняў нас”. [2]

Арцыбіскуп падкрэсліў, што свету патрэбны “сведкі веры, якія сваім жыццём будуць перадаваць нязменныя евангельскія каштоўнасці, каб будаваць маральна здаровае грамадства”. “Сведкі веры будавалі нашу хрысціянскую культуру, і шляхам сведчання веры можа наступіць маральнае адраджэнне. Таму кожны хрысціянін павінен жыць праўдай Хрыста і быць яе актыўным сведкам”, – сказаў іерарх, назваўшы святога Станіслава прыкладам гэтага.

Арцыбіскуп нагадаў, што Папа Леў XIV, чыя гадавіна пантыфікату адзначаецца ў гэтыя дні, “заклікае перайсці ад пасіўнай рэлігійнасці да актыўнай”. “Хрысціянскае сведчанне – не проста пераказ рэлігійных ісцін, а жывы і дзейсны інструмент пераўтварэння свету. Спалучаючы радасць веры, учынкі міласэрнасці, прыхільнасць да праўды і міру, сведчанне асабістага навяртання, Касцёл і кожны вернік уносяць уклад у адраджэнне сапраўднай чалавечнасці і маральнасці ў сучасным свеце”, – патлумачыў арцыбіскуп.

Іерарх адзначыў, што Маці Божая Вастрабрамская, перэгрынацыя абраза якой праходзіць у гэты час, “выпрасіла для нас свабоду веравызнання і працягвае дапамагаць нам”. Ён назваў перэгрынацыю вялікай ласкай і магчымасцю аднавіць культ Божай Маці, дадаўшы, што візіт Панны Марыі ў кожную парафію не можа стаць фармальным, а павінен ажывіць веру, надзею і любоў.

У канцы гаміліі арцыбіскуп звярнуўся ў малітве да святога Станіслава, просячы: “Абудзі ў нас пачуццё евангельскай адказнасці за маральны лад грамадства, за Касцёл, за нашу Бацькаўшчыну і за нас саміх, выпрасі для нас у Бога ласку жыць згодна з духам Евангелля”, і да Маці Божай: “Марыя, якая свеціш у Вострай браме, як казаў Адам Міцкевіч, прыкладам сваёй згоды з воляй Бога і паслухмянасці Яму асвятляй шлях нашага жыцця”.

Парафіяне выказалі арцыбіскупу падзяку за візіт і за напамін аб пасланні, з якім іх нябесны апякун звяртаецца да сучасных вернікаў. Таксама яны пажадалі іерарху добрага здароўя, каб ён мог шмат гадоў служыць Касцёлу.

Grodnensis.by [3]