- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Папа ў Еўрапарламенце: складаецца агульнае ўражанне стомленасці і старэння Еўропы

pope [1]Пантыфік прыехаў у Страсбург з “пасланнем надзеі і заахвоты”. Аб гэтым ён паведаміў сам, выступаючы 25 лістапада 2014 г. перад Еўрапейскім парламентам.

Ён звярнуў увагу на цесную сувязь паміж двума паняццямі – “годнасць” і “трансцэндэнтнасць”. Разуменне першага “нарадзілася ў выніку доўгага шляху, які ўключаў шматлікія пакуты і ахвяры”, што прычынілася да ўспрыняцця “унікальнасці кожнага асобнага чалавека”. Сёння барацьба за правы чалавека адыгрывае ключавую ролю ў рамках дзейнасці Еўрапейскага саюза, — лічыць Пантыфік — бо існуе яшчэ занадта шмат сітуацый, “у якіх людзі разглядаюцца як аб’екты, чыю канцэпцыю, структуру і прыдатнасць можна запраграмаваць, і якіх затым можна выкінуць, калі яны больш не патрэбныя, паколькі становяцца слабымі, хворымі ці старымі”. Тым не менш, варта звярнуць увагу, каб не патрапіць у некаторую двухзначнасць, якая можа узнікнуць па прычыне неразумення ідэі правоў чалавека і парадаксальнага злоўжывання імі. Гаворка ідзе пра тэндэнцыю нарошчвання індывідуальных правоў, што адрывае чалавечую асобу ад сацыяльнага і антрапалагічнага кантэксту. Пантыфік заклікаў да паглыблення “культуры правоў чалавека”, як балансу паміж індывідуальнымі правамі і агульным дабром.

Францішак прызнаўся, што адным з самых распаўсюджаных “захворванняў”, якія ён бачыць у сённяшняй Еўропе, з’яўляецца адзінота. Яна асабліва характэрная для пажылых людзей, якім часта даводзіцца самім клапаціцца пра сябе, а таксама маладым людзям без арыенціраў і магчымасцяў для будучыні. Яна заўважальная таксама ў многіх бедных людзей, якія жывуць у еўрапейскіх гарадах, у “разгубленых вачах” імігрантаў, што прыехалі ў Еўропу, каб шукаць лепшай будучыні.

Папа заўважыў, што ў апошнія гады, разам з працэсам пашырэння ЕС, расце недавер грамадзян да яго інстытутаў, якія займаюцца стварэннем законаў, далёкіх ад пачуццяў асобных народаў, і нават шкодных для іх. “З многіх пунктаў гледжання складаецца агульнае ўражанне стомленасці і старэння Еўропы – бабулі, бясплоднай і ледзве жывой”, — падзяліўся сваім бачаннем Святы Айцец. Яму здаецца, “што вялікія ідэалы, якія натхнялі Еўропу, страцілі сваю сілу прыцягнення на кошт бюракратычна-тэхнічных механізмаў яе інстытутаў”.

Паводле Папы, Еўропу можа выратаваць непарыўная сувязь паміж адкрыццём на трансцэндэнцыю, на Бога, і практычнай і канкрэтнай здольнасцю вырашаць “зямныя” сітуацыі і праблемы. Такі падыход, звярнуў увагу ён, не ўяўляе пагрозы для свецкага характару дзяржавы .

Дэвіз Еўрапейскага Саюза: Адзінства ў разнастайнасці. І тут трэба разумець, што “адзінства не азначае аднастайнасці палітычнай, эканамічнай, культурнай або думкі”, — падкрэсліў Францішак. Аснова Еўрасаюза – у прынцыпах салідарнасці і субсідыярнасці, а гомалагічная канцэпцыя глабалізацыі толькі шкодзіць дэмакратычнай сістэме. Захаванне ў Еўропе жывой дэмакратыі патрабуе пазбягання шматлікіх “глабалізацыйных шляхоў” размыцця рэальнасці: ангелічных пурызмаў, дыктатуры рэлятывізмаў, антыгістарычных фундаменталізмаў, этыцызмаў без дабрыні, інтэлектуалізмаў без мудрасці, лічыць Папа.

Захаваць Еўропу можа сям’я, звярнуў увагу Пантыфік. Менавіта яна – “адзіная, плодная і непарыўная, аб’ядноўвае асноўныя элементы, якія даюць надзею на будучыню”. Без гэтага “даходзіць да пабудовы на пяску, з сур’ёзнымі сацыяльнымі наступствамі”. У дадатак да сям’і, Еўропа патрабуе таксама адукацыі. Яна не можа быць абмежавана да набору тэхнічных ведаў, але павінна ахопліваць “складаны працэс чалавечага развіцця ў цэлым”.

Еўропа патрабуе клопату пра экалогію. “Кожны нясе персанальную адказнасць за захаванне тварэння, каштоўнага дару, які Бог ўклаў у рукі людзей”, — сказаў Францішак. У гэта ўключана павага да аграрнага сектару, які закліканы даць чалавеку падтрымку і харчаванне. “Немагчыма прыняць тое, што мільёны людзей ва ўсім свеце паміраюць ад голаду, у той час як кожны дзень тоны ежы выкідваюцца з нашых сталоў”, — звярнуў увагу Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што ў Еўропе “прыйшоў час для падтрымкі палітыкі занятасці, але, у першую чаргу, аднаўлення годнасці працы”. Таксама трэба знайсці належны падыход да праблемы міграцыі. “Не можна змірыцца з тым, што Міжземнае мора стала вялікімі могілкамі!”, — сказаў ён.

Папа закрануў і тыпова палітычныя пытанні. Ён заклікаў “весці творчы дыялог” з краінамі, якія звярнуліся з просьбай уступіць у Еўрапейскі Саюз. Гаворка ідзе, у першую чаргу, пра балканскія краіны, для якіх уваход у Еўрасаюз можа паслужыць рэалізацыяй ідэалаў міру ў рэгіёне. Таксама важнае значэнне маюць адносіны з іншымі суседнімі краінамі, асабліва тымі, якія пакутуюць ад унутраных канфліктаў і ціску рэлігійнага фундаменталізму і міжнароднага тэрарызму.

Францішак нагадаў еўрапарламентарыям пра неабходнасць развіваць еўрапейскую ідэнтычнасць і вярнуць давер грамадзян да інстытутаў ЕС, а таксама не забывацца, што двухтысячагадовая гісторыя звязвае Еўропу і хрысціянства.

“Паважаныя дэпутаты Еўрапарламента, настаў час, каб разам будаваць Еўропу, якая будзе вярцецца не выключна вакол эканомікі, але святасці чалавечай асобы і вечных каштоўнасцяў”, — заклікаў Францішак. “Прыйшоў час адмовіцца ад ідэі Еўропы спалоханай і замкнёнай, каб абудзіць і развіваць Еўропу ўдзелу, якая нясе веды, мастацтва, музыку, гуманітарныя каштоўнасці, а таксама каштоўнасці веры”, — дадаў ён. Паводле Святога Айца, сёння трэба зрабіць усё, каб Еўропа была Еўропай, “якая сузірае неба і імкнецца да ідэалаў”, “якая клапоціцца, абараняе і захоўвае правы чалавека”, “якая з’яўляецца каштоўным арыенцірам для ўсяго чалавецтва”.

Ватыканскае радыё [2]