[1]20 снежня Папа Францішак прыняў у Ватыкане Генеральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Антоніу Гутэрыша. На заканчэнне сустрэчы яны запісалі сумесны відэазварот.
“Мы не можам, мы не павінны адварочвацца ў іншы бок перад абліччам несправядлівасці, няроўнасці, скандалу голаду ў свеце, беднасці, смерці дзяцей ад недахопу вады, ежы, патрэбнай медыцынскай дапамогі”, — гаворыцца ў відэапасланні.
Святы Айцец і Генеральны сакратар ААН заклікалі не адварочвацца ў іншы бок перад абліччам рознага роду злоўжыванняў адносна непаўналетніх. “Мы павінны разам змагацца з гэтай бядой”, — сказалі яны.
У відэазвароце гучыць заклік не закрываць вачэй на праблемы людзей, якія па прычыне канфліктаў, насілля, кліматычных змен, “пакідаюць свае землі і часта адпраўляюцца насустрач сумнаму лёсу”, не заставацца раўнадушнымі перад абліччам нападаў на чалавечую годнасць, на жыццё ненароджаных дзяцей і людзей, якія патрабуюць дагляду.
“[Мы не можам, мы не павінны адварочвацца ў іншы бок, калі вернікі розных рэлігій пераследуюцца ў розных частках свету. Божую помсту выклікае выкарыстанне рэлігіі для распальвання нянавісці, насілля, прыгнёту, экстрэмізму і сляпога фанатызму, а таксама прымус да выгнання і маргіналізацыі]”, — сцвердзілі яны.
Пантыфік і Генсек ААН асудзілі войны, а таксама заклікалі да дыялогу паміж людзьмі і народамі, да выкарыстання шматбаковай дыпламатыі дзеля будавання лепшага свету, да прызнання адно аднаго членамі адзінага чалавецтва, да клопату пра навакольнае асяроддзе, чаму павінна садзейнічаць змяншэнне шкодных выкідаў у атмасферу і інтэгральная экалогія.
“Пачуем голас шматлікіх маладых людзей, якія дапамагаюць нам усвядоміць тое, што адбываецца сёння ў свеце, і просяць нас стаць сейбітамі міру і будаўнікамі – разам, а не ў адзіночку – больш чалавечнай і справядлівай цывілізацыі. Няхай Божае Нараджэнне сваёй сапраўднай прастатой нагадвае пра тое, што любоў – гэта тое, што па-сапраўднаму каштоўнае ў жыцці”, — закончылі сумесны відэазварот Папа і Генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Беларуская рэдакцыя [2] Vatican News