- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Папа правядзе Імшу Вячэры Пана ў жаночай турме

[1]Святы Айцец правядзе літургію Вячэры Пана ў рымскай жаночай турме Rebibbia, дзе сустрэнецца з вязнямі і персаналам.

Як паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы, у Вялікі чацвер, 28 сакавіка 2024 года у 16:00 Папа Францішак здзейсніць прыватны візіт ў рымскую жаночую турму Rebibbia, дзе ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы Вячэры Пана і сустрэнецца са зняволенымі і супрацоўнікамі гэтай пенітэнцыярнай установы.

Яшчэ ў Буэнас-Айрэсе Хорхэ Марыа Бэрголіа адпраўляўся да людзей, якія апынуліся на ўзбочыне жыцця, у бальніцы, дамы для састарэлых, прытулкі для бяздомных і турмы, дзе цэлебраваў Імшу Вячэры Пана з традыцыйным абмыццём ног.

Пасля абрання на Пасад святога Пятра ён прадоўжыў традыцыю, перапыніўшы яе толькі ў сувязі з пандэміяй каронавіруса. У 2023 годзе Пантыфік наведваў рымскую калонію для непаўналетніх Casal del Marmo, у 2022 годзе ездзіў у турму італьянскага горада Чывітавек’я.

Марыя Валодзіна, беларуская рэдакцыя [2] Vatican News