[1]Добрае духоўнае распазнаванне патрабуе ведання самаго сябе, — падкрэсліў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 5 кастрычніка 2022 года ў Ватыкане.
Папа Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны распазнаванню, заўважаючы, што важную ролю ў ім грае пазнанне саміх сябе, у якім задзейнічаны розныя чалавечыя здольнасці: памяць, розум, воля, пачуцці. “Часта ў нас не атрымліваецца распазнаванне, бо мы не дастаткова ведаем сябе, і такім чынам не ведаем чаго па-сапраўднаму хочам”, — сцвердзіў ён.
Пантыфік падкрэсліў, што ў аснове духоўных сумневаў і крызісу паклікання нярэдка знаходзіцца “недастатковы дыялог паміж рэлігійным жыццём і нашым жыццём чалавечым, кагнітыўным і эмацыйным”. Ён працытаваў меркаванне аднаго тэолага, які казаў, што самай вялікай перашкодай для сапраўднага распазнавання – і для сапраўднага ўзрастання ў малітве – з’яўляецца той факт, “што мы не дастаткова ведаем сябе, і нават не хочам пазнаць, якімі з’яўляемся на самай справе”, хаваючыся за маскай “не толькі ад іншых, але таксама калі глядзім на сябе ў люстэрка”.
“Забыццё пра прысутнасць Бога ў нашым жыцці ідзе поруч з няведаннем саміх сябе, сваіх асабістых якасцей і нашых самых глыбокіх жаданняў”, — дадаў Святы Айцец.
Папа Францішак прызнаў, што пазнанне сябе патрабуе цярплівага ўнутранага даследавання, здольнасці спыняцца, “адключаць аўтапілот”, задумывацца пра наш лад дзеяння, пра пачуцці, якія жывуць у нас, пра думкі, якія паўтараюцца і абумоўліваюць нас, часта несвядома. “Трэба таксама адрозніваць эмоцыі ад духоўных якасцей”, — сказаў Папа, называючы сапраўднай ласкай здольнасць прызнаваць, што наш позірк на сябе і рэчаіснасць часам бывае скажоным. “Насамрэч, вельмі часта здараецца, што памылковыя перакананні аб рэальнасці, заснаваныя на досведзе мінулага, моцна ўплываюць на нас, абмяжоўваючы нашу свабоду ў барацьбе за тое, што па-сапраўднаму вартае ў нашым жыцці”, — заўважыў ён.
“Жывучы ў эпоху інфарматыкі, мы ведаем наколькі важна ведаць паролі для доступу ў праграмы, дзе захоўваецца самая асабістая і каштоўная інфармацыя. Духоўнае жыццё таксама мае свае паролі: ёсць словы, якія кранаюць сэрца, бо адносяцца да таго, да чаго мы па-сапраўднаму адчувальныя. Спакусіцель добра ведае гэтыя ключавыя словы, і важна, каб іх ведалі таксама мы, каб не апынуліся там, дзе не жадаем”, — папярэдзіў Святы Айцец.
Папа зазначыў, што “спакуса не абавязкова прапануе нешта дрэннае”, але часта нешта неўпарадкаванае, чаму мы надаем празмерную важнасць: яна гіпнатызуе нас, прывабліваючы нечым добрым, але ілюзорным, пакідаючы ў выніку з пачуццём пустаты і смутку. “Гэта могуць быць навуковыя ступені, кар’ера, адносіны – усё, што само па сабе вартае хвалы, але, калі мы не з’яўляемся свабоднымі ў адносінах да гэтага, тады рызыкуем мець нерэальныя чаканні, такія як пацвярджэнне ўласнай вартасці. Ад гэтага непаразумення часта нараджаюцца самыя вялікія пакуты, бо нішто з гэтых рэчаў не можа быць гарантыяй нашай годнасці”, — сказаў Пантыфік.
“Таму важна ведаць сябе, ведаць паролі ад нашага сэрца, тое, да чаго мы адчувальныя”, каб абараніцца ад пераканаўчых маніпулятараў, а таксама быць здольнымі “распазнаваць тое, што па-сапраўднаму важнае для нас, адрозніваючы гэта ад хвіліннай моды ці кідкіх, павярхоўных слоганаў”, — параіў Папа.
Папа Францішак падкрэсліў, што ў гэтым дапамагае рахунак сумлення, добрая звычка спакойна разважаць над падзеямі дня, над прынятымі рашэннямі, над тым, чаму надаем найбольшую важнасць, чаго шукаем, па якой прычыне і што ў выніку знайшлі. “У першую чаргу, трэба навучыцца распазнаваць тое, што насычае наша сэрца. Бо толькі Пан можа пацвердзіць нам наколькі з’яўляемся каштоўнымі. Ён кажа нам пра гэта кожны дзень з крыжа: Ён памёр за нас, каб паказаць наколькі мы каштоўныя ў Яго вачах. Няма такой перашкоды ці няўдачы, якая магла б перашкодзіць Яго пяшчотным абдымкам. Гэта асноўныя элементы хрысціянскага існавання, каштоўныя ў пошуку ўласнага месца ў жыцці”, — завяршыў катэхезу Святы Айцец.
Аляксандр Панчанка — беларуская рэдакцыя Vatican News [2]