- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Папа на Сусветны дзень хворага: любіць, несучы боль іншага

[1]“Я горача жадаю, каб у нашым стылі хрысціянскага жыцця не было нястачы ў братэрскім вымярэнні, “самаранскім”, інклюзіўным, адважным, адказным і салідарным, якое мае свае глыбокія карані ў нашым адзінстве з Богам, у веры ў Езуса Хрыста”, — адзначыў Папа.

20 студзеня 2026 года ў Ватыкане было апублікавана пасланне Папы Льва XIV на 34-ы Сусветны дзень хворага. Ён пройдзе ў Касцёле 11 лютага пад дэвізам “Міласэрнасць Самараніна – любіць, нясучы боль іншага”. Галоўныя цэлебрацыі адбудуцца ў дыяцэзіі Чыклаё ў Перу, пастырам якой Роберт Прэвост быў да прызначэння на пасаду прэфекта ватыканскай Дыкастэрыі па справах біскупаў.

У аснове дакумента – евангельская прыпавесць пра Добрага Самараніна (Лк 10,25-37), якую Папа назваў “заўсёды актуальным” тэкстам, неабходным для адкрыцця “прыгажосці міласэрнасці” і “сацыяльнага вымярэння спагады”.

Папа Леў XIV прапанаваў паразважаць над гэтым біблійным урыўкам у святле энцыклікі Францішка “Fratelli tutti”, дзе “спагада і міласэрнасць не зводзяцца да простых індывідуальных учынкаў, а спаўняюцца ў адносінах: з патрабуючым братам, з тымі, хто пра яго клапоціцца, і ў першую чаргу, з Богам, які дорыць нам сваю любоў”.

Не прайсці міма

Пантыфік заўважыў, што жыццё ў культуры хуткасці, адчужэння і раўнадушша, “перашкаджае нам наблізіцца і затрымацца на шляху, каб паглядзець на патрэбы і пакуты, якія нас акружаюць”. Евангельская прыпавесць пра Добрага Самараніна становіцца тут асабліва актуальнай, бо расказвае пра чалавека, які “не прайшоў міма”, а паклапаціўся пра параненага, у першую чаргу прысвяціўшы яму свой час.

Дар сустрэчы

“Любоў не пасіўная; яна выходзіць насустрач іншаму; мы становімся бліжнімі не ў залежнасці ад фізічнай ці сацыяльнай блізкасці, а ад рашэння любіць”, — напісаў Папа, падкрэсліўшы, што хрысціяне пакліканы станавіцца бліжнімі для тых, хто пакутуе, “наследуючы прыклад Хрыста, сапраўднага Боскага Самараніна, які наблізіўся да параненага чалавецтва”.

Пантыфік адзначыў, што гаворка не ідзе пра простыя філантрапічныя жэсты, але пра сапраўдны ўдзел у пакутах іншых і прысвячэнне сябе ім. “Такая любоў абавязкова сілкуецца сустрэчай з Хрыстом, які з любові падарыў нам сябе”, — падкрэсліў Папа Леў XIV.

Супольная місія

Прыпавесць пра Добрага Самараніна, у якой паранены чалавек быў давераны клопату карчмара, па словах Папы, паказвае, што сапраўдная спагада выражаецца ў канкрэтных учынках, прычым не толькі індывідуальных, але і супольных.

“Я сам заўважыў падчас майго місіянерскага і біскупскага досведу ў Перу, колькі людзей праяўляюць міласэрнасць і спагаду, як самаранін і карчмар. Члены сем’яў, суседзі, медыцынскія работнікі, людзі, занятыя ў душпастырстве сферы аховы здароўя, і многія іншыя, хто спыняецца, набліжаецца, клапоціцца, прыносіць, суправаджае і аддае тое, што мае, надаюць спагадзе сацыяльнае вымярэнне. Гэта досвед, які рэалізуецца праз сетку адносін, выходзіць за рамкі простай індывідуальнай прыхільнасці”, — напісаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што клопат пра хворых павінен быць “касцельным дзеяннем” і з’яўляецца паказчыкам “здароўя нашага грамадства”.

Плён любові да Бога

Святы Айцец нагадаў пра непадзельнасць запаведзі любові да Бога і бліжняга. “Любоў да бліжняга з’яўляецца датыкальным доказам сапраўднасці любові да Бога”, а “служэнне бліжняму – гэта любоў да Бога, якая праяўляецца на практыцы”, — сцвердзіў Папа.

“Гэта перспектыва дазваляе нам адкрыць, што значыць любіць саміх сябе – гэта значыць аддаляць ад сябе жаданне будаваць уласную самапавагу ці адчуванне ўласнай годнасці на стэрэатыпах поспеху, кар’еры, сацыяльнага становішча ці паходжання і аднаўляць сваё належнае месца перад Богам і нашымі братамі”, – патлумачыў Леў XIV, нагадваючы, што чалавек цалкам рэалізуе сябе менавіта ў адносінах з іншымі.

“Дарагія браты і сёстры, “сапраўдны лек для ран чалавецтва – гэта лад жыцця, заснаваны на братэрскай любові, якая мае свае карані ў любові Бога”. Я горача жадаю, каб у нашым стылі хрысціянскага жыцця не было нястачы ў братэрскім вымярэнні, “самаранскім”, інклюзіўным, адважным, адказным і салідарным, які мае свае глыбокія карані ў нашым адзінстве з Богам, у веры ў Езуса Хрыста. Запаленыя гэтай боскай любоўю, мы сапраўды зможам прынесці сябе ў дар дзеля дабра ўсіх, хто пакутуе, асабліва нашых хворых, пажылых і пакутуючых братоў”, — запэўніў Папа.

Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News [2]