- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Папа на саміт ААН аб штучным інтэлекце: служыць чалавецтву

[1]Святы Айцец заклікаў удзельнікаў буйной міжнароднай канферэнцыі па штучным інтэлекце служыць чалавецтву. Мерапрыемства праходзіць у Жэневе па ініцыятыве ААН.

Папа Леў XIV прывітаў удзельнікаў саміту “AI for Good Summit 2026”, арганізаванага 7-10 ліпеня 2026 года Міжнародным саюзам электрасувязі (ITU) у партнёрстве з іншымі ўстановамі ААН пры падтрымцы ўрада Швейцарыі. У форуме пад дэвізам “Раскрыць патэнцыял ШІ ў служэнні чалавецтву” бяруць удзел тысячы прадстаўнікоў дзяржаўных структур, бізнесу, грамадзянскай супольнасці, навукоўцаў і экспертаў з усяго свету.

Пасланне Святога Айца, падпісанае кардыналам-дзяржсакратаром П’етра Паралінам, было зачытана перад прэзентацыяй энцыклікі “Magnifica Humanitas”, якая адбылася падчас саміту.

“У час, калі вы сабраліся, каб разважаць над штучным інтэлектам, які ўзнімае некаторыя з найважнейшых пытанняў нашага часу адносна будучыні чалавецтва, Святы Айцец жадае запэўніць вас у прысутнасці Святога Пасаду і яго адкрытасці да дыялогу, асабліва ў гэты пераломны гістарычны момант”, — гаворыцца ў лісце.

Кардынал Паралін нагадаў, што ў энцыкліцы “Magnifica Humanitas” Папа Леў XIV выказаў сваё жаданне весці дыялог з усімі людзьмі нашага часу, каб “вызначыць новыя шляхі для агульнага дабра і для спрыяння годнаму жыццю для ўсіх”.

“Magnifica Humanitas” нарадзілася з яго слухання “навукоўцаў і інжынераў, якія са шчырым энтузіязмам працуюць над тэхналогіямі, здольнымі аблегчыць велізарныя пакуты; палітычных лідараў і дзяржаўных служачых, якія настойліва імкнуліся да ўстанаўлення справядлівых правілаў; бацькоў і настаўнікаў, якія глыбока занепакоеныя будучынёй маладога пакалення”. Аднак адначасова яе з’яўленне было выклікана трывожнымі паведамленнямі пра патэнцыйнае неправамернае выкарыстанне алгарытмаў і страту чалавечай здольнасці прымаць рашэнні ў крытычна важных сферах”, — заўважыў Дзяржсакратар.

“Жадаючы вам правесці канструктыўныя і ўзбагачаючыя дыскусіі, Святы Айцец ахвотна запэўнівае вас у сваіх малітвах у вашых намаганнях служыць чалавецтву”, — напісаў на завяршэнне паслання кардынал П’етра Паралін.

Аляксандр Панчанка – беларуская рэдакцыя Vatican News [2]