[1]Святы Айцец запэўніў у малітве за народ Украіны. Аб гэтым ён сказаў 26 лістапада на заканчэнне малітвы “Анёл Панскі” у Ватыкане.
“Асабліва вітаю ўкраінскую супольнасць, якая ўспамінае аб трагедыі Галадамора, галоднай смерці, справакаванай сталінскім рэжымам, што забрала мільёны жыццяў. Малюся за Украіну, каб сіла веры змагла дапамагчы залячыць раны мінулага і спрыяць шляхам міру”, — падкрэсліў Папа.
Вядомыя як Галадамор падзеі ва Украіне адбыліся ў 1929-1933 гг., калі ў выніку дзеянняў савецкага рэжыму загінулі мільёны жыхароў краіны, вядомай як “збожжасховішча Еўропы”. Памятныя мерапрыемствы, звязаныя з гэтай трагедыяй, традыцыйна праходзяць кожную чацвёртую суботу лістапада.