- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Папа Леў XIV вяртае традыцыю накладання паліяў

[1]

Кардынал Марыё Дзэнары накладае палій Папу Льву XIV

29 чэрвеня 2025 года Папа Леў XIV накладзе паліі новым мітрапалітам. Гэтая традыцыя існавала і раней, пакуль Папа Францішак не ўнёс у яе некаторыя змены.

Да 2014 года мітрапаліты атрымлівалі паліі – знакі сваёй годнасці – ад Святога Айца ў ватыканскай Базіліцы Святога Пятра ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла. Гэта, у сваю чаргу, сімвалізавала адзінства мітрапалітаў вакол наступніка святога Пятра. Аднак у 2015 годзе Папа Францішак прыняў рашэнне толькі благаслаўляць і ўручаць паліі мітрапалітам. Згодна з яго рашэннем, здзяйсняць абрад накладання было даручана Апостальскім нунцыям у паасобных архідыяцэзіях. Гэта павінна было падкрэсліць лакальнае вымярэнне місіі кожнага мітрапаліта і ўмацаваць сувязь іерарха з мясцовым Касцёлам.

Сёлета 29 чэрвеня цырымонія адбудзецца ў сваёй першапачатковай форме ў Базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане. Палій – сімвал пастырскага служэння ў Касцёле – належыць таксама Пантыфіку, які з’яўляецца мітрапалітам Рымскай касцёльнай правінцыі.

Палій уяўляе сабой доўгую круглую стужку з белай воўны з шасцю крыжамі, якія сімвалізуюць раны Хрыста: чырвоныя крыжы ў выпадку Папы, чорныя – для іншых мітрапалітаў. Палій мае таксама два канцы, якія спадаюць на спіну і грудзі. Воўна, што выкарыстоўваецца для пляцення паліяў, робіцца з поўсці двух ягнят, якіх Папы атрымліваюць у літургічны ўспамін святой Агнешкі (21 студзеня) у капліцы Урбана VIII у Ватыкане. Перад гэтым ягнят асвячаюць падчас Імшы ў рымскай базіліцы, названай у гонар святой мучаніцы Агнешкі.

Ян Глінскі, беларуская рэдакцыя [2] Vatican News