«Першае, што я хачу сказаць усім, – гэта місійнасць, абвяшчэнне Евангелля», — сказаў Леў XIV на пачатку сустрэчы з сінадальнымі групамі ў Ватыкане.
Папа нагадаў, што, згодна з задумай Францішка, сінадальны працэс павінен быў дапамагчы Касцёлу выконваць сваю асноўную ролю ў свеце, а менавіта абвяшчаць Евангелле і сведчыць пра Езуса аж да краю зямлі. Святы Айцец выслухаў сведчанні і адказаў на пытанні прадстаўнікоў розных кантынентаў.
Сінадальнасць – гэта навука слухання, пачынаючы ад слухання Божага Слова, а таксама слухання мудрасці іншых
Прадстаўніца Еўропы, аўстрыйскі тэолаг Клара Чысар, звярнула ўвагу на недастатковы ўдзел біскупаў з посткамуністычных краін у сінадальным працэсе, а таксама ўзняла пытанне аб роўнасці жанчын і мужчын у Касцёле.
Леў XIV звярнуўся да асабістага досведу. Ён прызнаў, што яго бацькі былі вельмі актыўнымі ў жыцці парафіі. Калі ў 1970-я гады ў ЗША шмат гаварылася пра роўнасць, ён спытаў у маці, ці хоча яна быць роўнай мужчынам. Яна адказала: “не, таму што мы лепшыя”.
Папа адзначыў, што гэта не быў жарт, бо жанчыны маюць шмат дароў, якія ўжо цяпер могуць ахвяраваць у жыцці сям’і і парафіі. Ён таксама прывёў прыклад з Перу, дзе законніцы вядуць выдатную місійную працу, карыстаючыся ўжо існуючымі ў Касцёле магчымасцямі.
На думку Святога Айца, праблема не ў адсутнасці магчымасцей, а ў культурных перашкодах. Касцёл можа быць рухаючай сілай культурных пераўтварэнняў у адпаведнасці з евангельскімі каштоўнасцямі.
Рэагуючы на сведчанне прадстаўніка Афрыкі, Леў XIV запэўніў, што ў сінадальным працэсе гаворка не ідзе пра стварэнне адзінай мадэлі, якая будзе прымяняцца ва ўсіх краінах.
Пантыфік падкрэсліў, што Афрыка – гэта кантынент, які можа шмат прапанаваць, а яго праблемы часта з’яўляюцца адначасова выклікамі і дарамі. У якасці прыкладу ён назваў моладзь і сям’ю, параўнаўшы поўную новага жыцця Афрыку са старэючай Еўропай.
Касцёл павінен выказвацца, каб змяняць свет і рабіць яго лепшым
Адказваючы прадстаўніцы Акіяніі, Леў XIV указаў на важнасць рэгіянальных касцельных арганізацый, якія звяртаюць увагу на сітуацыю ў іншых краінах і схіляюць Касцёл да дзеяння, напрыклад, у барацьбе з наступствамі змен клімату.
Рэагуючы на асцярогі прадстаўніка Паўночнай Амерыкі, што сінадальнасць абмяжуе ўладу біскупаў, Папа падкрэсліў неабходнасць цярплівасці. Ён адзначыў, што не ўсе ў Касцёле рухаюцца з аднолькавай хуткасцю, і дрэнна, калі некалькі чалавек выбягаюць наперад, пакідаючы многіх ззаду. На думку Святога Айца, вельмі важная таксама фармацыя на розных узроўнях касцельнага жыцця.
Рэагуючы на словы ліванскага біскупа, які прадстаўляў Усходнія Цэрквы, Святы Айцец звярнуў увагу на сведчанне ўсходніх хрысціян, на іх энтузіязм, веру, сілу, стойкасць і адвагу.
Гаворачы пра досвед католікаў у Лацінскай Амерыцы, Пантыфік прызнаў, што Касцёл шмат чым абавязаны гэтаму кантыненту, дзе дар веры і дух супольнасці з’яўляюцца часткай культуры. Папа прызнаўся, што яго самога натхняюць не столькі працэсы, колькі людзі і іх энтузіязм веры.
Напрыканцы Леў XIV нагадаў, што Юбілей павінен стаць часам сапраўднага навяртання праз уважлівае стаўленне да Божага Слова.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя [2] Vatican News
