- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Папа Леў XIV: пра мір, мігрантаў, тэрарызм і падарожжы

[1]З Кастэль-Гандольфа Папа заклікаў да дыялогу ва Украіне, гуманнасці да мігрантаў у ЗША і абароны вернікаў у Нігерыі, а таксама падзяліўся асабістым.

Вечарам 18 лістапада 2025 года Папа Леў XIV, падчас свайго штотыднёвага дня адпачынку ў Кастэль Гандольфа, правёў нефармальную сустрэчу з журналістамі. Каля вілы Барберыні ён адказаў на пытанні, якія ахапілі шырокі спектр міжнародных і асабістых тэм. Размова ішла ад болю вайны ва Украіне да лёсу мігрантаў, ад тэрарызму ў Афрыцы да магчымых падарожжаў у будучыні.

Ад закліку да міру ва Украіне да абароны годнасці мігрантаў у ЗША

Галоўнай тэмай стала Украіна, якая працягвае пакутаваць ад масіраваных расійскіх нападаў. На пытанне аб магчымай саступцы тэрыторый дзеля міру, Святы Айцец адзначыў, што гэтае рашэнне павінен прымаць сам украінскі народ, спаслаўшыся на яго Канстытуцыю.

“Праблема ў тым, што няма спынення агню, яны не могуць прыйсці да нейкага пункта для дыялогу і вырашэння гэтай праблемы, — падкрэсліў Папа. — На жаль, кожны дзень гінуць людзі. Трэба, я думаю, настойваць на міры, пачынаючы з гэтага спынення агню, а потым весці дыялог”.

Пантыфік таксама пракаментаваў нядаўнюю заяву Канферэнцыі Біскупаў ЗША, якія выступілі супраць масавых дэпартацый мігрантаў. Папа Леў XIV назваў пазіцыю амерыканскіх іерархаў “вельмі важнай” і заклікаў усіх людзей добрай волі прыслухацца да іх. Ён падкрэсліў, што, хоць кожная краіна мае права кантраляваць свае межы, з людзьмі неабходна абыходзіцца “з гуманнасцю і годнасцю”, асабліва з тымі, хто пражыў у краіне шмат гадоў.

Позірк на Афрыку: Папа пра пераслед хрысціян і «эканоміку вайны»

Позірк Святога Айца скіраваўся і на Афрыку, у прыватнасці на Нігерыю, дзе хваля гвалту закранае як хрысціян, так і мусульман. Ён звязаў тэрарызм з “эканомікай вайны” за кантроль над землямі. “На жаль, загінула шмат хрысціян, і я думаю, што вельмі важна шукаць шляхі, якімі ўрад і ўсе народы будуць прасоўваць сапраўдную рэлігійную свабоду”, — сказаў Папа.

Акрамя таго, Папа Леў XIV падзяліўся планамі на магчымыя падарожжы ў 2026 годзе, пасля завяршэння Юбілейнага года. Сярод верагодных напрамкаў ён назваў Фаціму, Гвадалупэ ў Мексіцы, а таксама Уругвай, Аргенціну і “відавочна” Перу, дзе ён больш за дваццаць гадоў быў місіянерам.

Барацьба са злом у Касцёле: непахісная пазіцыя адносна злоўжыванняў

Напрыканцы размовы Пантыфік адказаў на пытанне аб абвінавачваннях у сексуальных злоўжываннях, вылучаных супраць Біскупа Кадыса і Сеуты Рафаэля Сарносы. Ён пацвердзіў, што для кожнага выпадку існуюць дакладна ўстаноўленыя пратаколы, расследаванне пачалося, і трэба дачакацца яго вынікаў. Папа выказаў надзею на тое, што ахвяры знойдуць бяспечнае месца, дзе змогуць распавесці пра свае крыўды, і падкрэсліў важнасць павагі да юрыдычных працэдур у Касцёле.

Кс. Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News [2]