- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Папа Леў XIV адзначае першыя імяніны як Пантыфік

[1]17 верасня Леў XIV упершыню як Пантыфік адзначае свае імяніны ў дзень успаміну святога Роберта Белярміна.

Праз некалькі дзён пасля 70-годдзя Леў XIV у сераду, 17 верасня 2025 года, будзе святкаваць свае першыя імяніны на Пятровым Пасадзе. У гэты дзень Касцёл успамінае святога Роберта Белярміна (Roberto Francesco Romolo Bellarmino), нябеснага заступніка Святога Айца.

У адрозненне ад папскага Дня нараджэння, імяніны Пантыфіка будуць выходным днём для супрацоўнікаў Святога Пасада і Ватыкана. Сам жа Папа ў дзень сваіх імянін мае важную сустрэчу – каля 10.00 на Плошчы Святога Пятра пачнецца агульная аўдыенцыя.

Леў XIV, які нарадзіўся 14 верасня 1955 года ў Чыкага як Роберт Фрэнсіс Прэвост, у мінулую нядзелю адзначыў сваё 70-годдзе. Падобна да цяперашняга Папы, яго нябесны заступнік, памерлы ў 1621 годзе, таксама быў манахам і прыродазнаўцам – славуты езуіт вывучаў астраномію. Роберт Прэвост, які мае доктарскую ступень па кананічным праве, з’яўляецца аўгустынцам і вывучаў матэматыку.

Святы Роберт Белярмін (1542-1621), пляменнік Папы Марцэла II, уступіў у Ордэн езуітаў у 18-гадовым узросце і прыняў святарскае пасвячэнне ў 1570 годзе. Папа Грыгорый XIII паклікаў яго ў Рым, дзе даручыў кафедру палемічнай тэалогіі ў Рымскім калегіуме (сёння Папскі Грыгарыянскі ўніверсітэт). Яго галоўная праца «Дыспуты пра спрэчныя пытанні каталіцкай веры» займае пачэснае месца ў тэалагічнай спадчыне Касцёла, а «Малы катэхізіс для народа» быў перакладзены на 60 моў свету.

Белярмін стаў кардыналам і арцыбіскупам Капуі, сябраваў са святымі Францішкам Сальскім, Філіпам Нэры і Алаізіем Ганзагам. Памёр у Рыме 17 верасня 1621 года, яго рэліквіі знаходзяцца ў рымскім касцёле святога Ігнацыя. Кананізаваны Папам Піем XI у 1923 годзе і праз год узведзены ў годнасць Доктара Касцёла.

17 верасня стане асаблівым днём для Святога Пасада, які ўпершыню будзе святкаваць імяніны свайго новага Пантыфіка, абранага на Пятровы Пасад у сакавіку 2025 года.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя [2] Vatican News